24 красавіка ў Быхаве прайшоў мітынг-рэквіем да 34-й гадавіны аварыі на ЧАЭС “Трывожны гул Чарнобыльскіх званоў”
Хоць прайшло ўжо больш за 30 гадоў і мы часткова звыкліся з Чарнобыльскай бядой, але забываць яе мы не маем права. Наша родная Быхаўшчына з ліку тых гарадоў і вёсак, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Але, як і другія раёны нашай Айчыны, яна не здалася, выжыла і прадоўжыла сваё развіццё. Як і раней каласіцца на нівах жыта, нараджаюцца дзеці, вясной прылятаюць у свае гнёзды птушкі. Нашая зямелька чысціцца ад чорнай бяды.
На мітынгу прысутнічалі кіраўніцтва раёна, ліквідатары наступстваў Чарнобыльскай аварыі, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, благачынны па Быхаўскай акрузе пратаірэй Мікалай. У выкананні Ганны Сафанькавай прагучала песня “Бацькаўшчына”.
Жыццё дало нам жорсткі ўрок. І кожны павінен вынесці з яго вельмі важную выснову: мы – гападары свайго лёсу, а гэта значыць, гаспадары жыцця і зямлі. І трэба дзейнічаць. Трэба жыць, каб больш ніхто і ніколі не адчуў такога болю. Трэба памятаць, што разам мы зможам перамагчы любую бяду.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела ДУК ”Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”