Мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў у Кіраўску
Штогод, 15 лютага, у дзень гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана, у Кіраўску каля памятнага знака ў гонар воінаў-кіраўчан, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак пры ліквідацыі лакальных канфліктаў, праходзіць мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Па-вясноваму сонечнае надвор’е ўнесла цеплыню і пяшчоту ў атмасферу сёлетняга мерапрыемства, якое было заклікана захоўваць памяць у імя міру на зямлі.
Удзельнікаў мітынгу, сярод якіх былі кіраўніцтва раёна, члены раённага выканаўчага камітэта, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённых структур грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў, моладзь, вітала старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава.
Слова трымаў начальнік адасобленай групы (па Кіраўскім раёне) ваеннага камісарыята маёр Андрэй Гайдукевіч, які падкрэсліў, што грамадскасць павінна беражліва захоўваць памяць аб тых, хто з годнасцю выканаў воінскі абавязак, – у навучанне і спадчыну нашчадкам.
Мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у Афганістане воінаў-землякоў – ураджэнцаў Кіраўшчыны: Пятра Петрусевіча, Віктара Шумілава, Аляксандра Ядлоўскага. Пасля мітынгу адбылося ўскладанне вянкоў і кветак да іх магіл у в.Гарадзец і аг.Жылічы.
Год за годам афганская вайна ўсё далей адходзіць у гісторыю, аднак яна і дагэтуль жыве ў нашай памяці і будзе жыць вечна, бо яе радкі напісаны крывёй савецкіх салдат і слязамі іх матуль… Памятаць у імя міру на зямлі, у імя любові і светлай будучыні.
Вольга Нігаматуліна, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэіа Кіраўскага раёна”