У Бранскай вобласці прайшла чарговая сустрэча работнікаў клубных устаноў Краснаполля з расійскімі калегамі
Узаемадзеянне ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна» з расійскімі калегамі – даўняе і рознабаковае. 22 сакавіка ў Кібіршчынскай бібліятэцы Краснагорскага раёна Бранскай вобласці прайшла чарговая сустрэча, якая была прымеркавана Году экалогіі, якім абвешчаны 2017 год у Расійскай Федэрацыі.
Да свята Саракі Кібіршчынская бібліятэка ладзіла экалагічны час «Увайдзі ў прыроду, як у бацькоўскі дом».
З боку ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна» была прапанавана расійскім слухачам і гледачам выстава «Прырода і народнае мастацтва» і фальклорны экскурс «Народныя святы – гэта святы прыроды». Магчымасць ажыццявіць гэтую задуму давалі матэрыялы фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, рэалізаваных у рамках праекта «Забытае ўваскрашаецца» і багаты рэпертуар каляндарна-абрадавай паэзіі народнага фальклорнага ансамбля «Горскія харашухі».
Усё жыццё нашага далёкага продка-земляроба было знітаванае з прыродай. Прырода давала яму ўсё неабходнае для жыцця.
А яшчэ прырода дарыла чалавеку прыгажосць. Ніводнае з мастацтваў не мела на сабе такога ўплыву прыроды, як народнае мастацтва. У прыроды браў свае ўрокі народны майстар. Пачуццё рытму, колеравую гармонію, кантраст, сіметрыю, суразмернасць частак – усё гэта прыкмячаў майстар у прыродзе і пераносіў у свае творы.
На мерапрыемстве цераз разгорнутую выставу народнай творчасці «Прырода і народнае мастацтва» былі прэзентаваны ручнікі, посцілкі, гліняны посуд, прадметы быту сяляніна-продка; раскрыты асаблівасці народнага мастацтва і яго сувязь з прыродай.
Народныя святы ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і звернуты да прыроды, як да крыніцы ўсяго жывога і шчодрага дарыльшчыка ўсіх шчадрот.
Фальклорны экскурс «Народныя святы – гэта святы прыроды» разам з паведамленнем аб святах прапаноўваў аўтэнтычныя песні Краснапольшчыны, прымеркаваныя да святаў веснавога цыклу – Саракі, Гуканне вясны, Засеўкі, Юр’е.
Чалавек бачыў у прыродзе Дабро і Прыгажосць. Яны дзіўным чынам спалучаліся ў творах народнага мастацтва, таму яно застаецца такім чыстым, светлым, гарманічным, выклікае цікаўнасць, павагу і любоў.
Марчанка В. А., метадыст па традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна»