Конкурс пабытовага танца “Танчым па-беларуску” у межах абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”

ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку арганізацыі і правядзення
конкурсу пабытовага танца “Танчым па-беларуску”
ў межах абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва
“Скарбніца Падняпроўя”
1. Дадзеная інструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення конкурсу пабытовага танца “Танчым па-беларуску” ў межах абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя” (далей – конкурс).
2. Конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі, аднаўлення і захавання народнага пабытовага танца, развіцця фальклорнага руху, стварэння новых і падтрымцы дзейнасці існуючых фальклорных і харэаграфічных калектываў, клубных фарміраванняў Магілёўскай вобласці, якія працуюць у дадзеным накірунку.
3. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца ўстанова культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
Арганізатар ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу, зацвярджае графік правядзення, склад журы, вырашае іншыя пытанні, звязаныя з яго падрыхтоўкай і правядзеннем.
4. Конкурс праводзіцца ў два туры:
адборачны – люты-сакавік 2022 года (накіраванне заявак і відэазапісаў конкурсных нумароў);
фінальны – 4 квартал 2022 года (выступленне пераможцаў, удзельнікаў на пляцоўцы ў рамках абласнога фестывалю працаўнікоў сяла “Дажынкі-2022”.
5. У конкурсе прымаюць удзел калектывы, пары-выканаўцы, салісты, фальклорныя і харэаграфічныя калектывы і іншыя клубныя фарміраванні харэаграфічнай накіраванасці, арыентаваныя на вывучэнне, засваенне і дакладнае ўзнаўленне народных харэаграфічных традыцый, якія захоўваюць этнаграфічную дакладнасць і стылявую своеасаблівасць пабытовага танца, незалежна ад ведамаснай прыналежнасці і ўзросту (далей – удзельнікі).
6. Абавязковымі ўмовамі ўдзелу ў конкурсе з’яўляюцца: выступленне ўдзельнікаў у народных касцюмах, выкананне танцаў пад “жывое” музычнае суправаджэнне (пад акампанемент народных інструментаў).
7. Конкурс праводзіцца незалежна ад узроставых катэгорый удзельнікаў.
8. Кожны раён Магілёўскай вобласці павінен прадставіць не менш чым па адной заяўцы ў кожнай з намінацый. Калі заявак ад раёна больш чым па адной ў кожнай з намінацыі, у гэтым выпадку ў наступных заяўках павінны быць іншыя танцы, або розная манера выканання ўжо раней прадстаўленых танцаў.
9. Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях:
саліст-выканаўца (выканаўца можа падрыхтаваць любы беларускі пабытовы танец, або імправізацыю ў аўтэнтычнай манеры на беларускія пабытовыя танцы, пад любы традыцыйны найгрыш (на меркаванне). Падчас танца ўдзельнік можа выконваць прыпеўкі. Выступленне салістаў не павінна перавышаць 5 хвілін;
танцавальная пара (танцавальная пара прадстаўляе любы беларускі пабытовы танец, або імправізацыю ў аўтэнтычнай манеры на беларускія пабытовыя танцы, пад любы традыцыйны найгрыш (на меркаванне). Падчас танца ўдзельнікі могуць выконваць прыпеўкі. Выступленне не павінна перавышаць 5 хвілін;
калектывы, ансамблі (творчыя калектывы, групы, ансамблі ад 8 чалавек і болей прадстаўляюць кампазіцыю беларускіх пабытовых танцаў – не менш чым 3 танца ў кампазіцыі абавязкова з мясцовым варыянтам выканання і захаваннем лакальных фальклорных харэаграфічных традыцый. Гэта могуць быць такія распаўсюджаныя танцы, як напрыклад: “Кракавяк”, “Лявоніха”, “Барыня”, “Полька імправізаваная”, “Какетка”, “Мікіта”, “Абэрак”, “Яблычка”, “Cербіянка”, “Каханачка”, “Нарэчанька”, “Сямёнаўна”, “Матлёт”, “Ойра”, “Цыганачка”, “Каробачка”, “Полька з падкіндэсам”; “Месяц”, “Субота”, “Ва саду лі”, “Ночка”, “Вальс”, “Грачанікі”, “Двойка”, “Лысы”, “Казачок”, “Круты” і многія іншыя. Абавязковая ўмова – танцы, якія прадстаўляюць удзельнікі ў гэтай намінацыі, павінны быць распаўсюджанымі, або былі распаўсюджаны, адроджаны ў гэтым раёне, пэўнай мясцовасці, якую яны прадстаўляюць. Выступленне не павінна перавышаць 15 хвілін.
10. Удзельнікі да 25 сакавіка 2022 года накіроўваюць заяўку (Дадатак) на электронны адрас арганізатараў. На кожнага ўдзельніка накіроўваецца асобная заяўка і асобны відэазапіс конкурснага нумара. Відэазапіс конкурснага нумара можа быць прадастаўлены ў адрас арганізатараў на любым інфармацыйным электронным носьбіце, або шляхам размяшчэнне ссылкі ў заяўцы. Адрас арганізатараў: 212030, Рэспубліка Беларусь, г. Магілёў, вул. Першамайская, 10; e-mail: mogomc@mogomc.by.
11. Патрабаванні да ўдзельнікаў:
адпаведнасць праграмы ўмовам конкурсу;
выкананне аўтарскіх ці апрацаваных твораў не дазваляецца;
выступленне ўдзельнікаў ажыццяўляецца пад акампанемент народных музычных інструментаў, або інструментаў у жывым гучанні;
касцюмы ўдзельнікаў конкурсу могуць уяўляць сабой шматлікія варыянты арыгіналаў або рэканструкцыі традыцыйных народных касцюмаў сваёй мясцовасці;
для жанчын абавязкова патрэбны галаўны ўбор; для дзяўчат – валасы заплятаюцца ў касу, упрыгожваюцца стужкамі; для мужчын і хлопцаў кампанентам касцюма з’яўляецца капялюш (ці іншы традыцыйны галаўны ўбор);
абутак: у мужчын – боты, лапці; у жанчын – чаравікі на скураной, або гумавай падэшве, не на высокіх абцасах (3-5 см).
12. Крытэрыі ацэнкі выступлення ўдзельнікаў:
жанравая разнастайнасць;
захаванасць мясцовага рэпертуару і мастацкага стылю;
адпаведнасць твораў узросту выканаўцаў;
узровень выканальніцкага майстэрства;
адпаведнасць касцюмаў традыцыйным народным строям сваёй мясцовасці.
13. Для падвядзення вынікаў конкурсу ствараецца журы. Па рашэнні журы пераможцам прысуджаецца адно званне “Гран-пры” конкурсу, а таксама “Лаўрэат І, ІІ, ІІІ ступеняў” у кожнай намінацыі.
Журы мае права змяняць колькасць месцаў, а таксама не прысуджаць некаторыя з іх, не прысуджаць званне “Гран-пры”, прысуджаць спецыяльныя дыпломы, дыпломы ўдзельніка.
14. Транспартныя выдаткі па ўдзелу ў этапах конкурсу – за кошт камандыруючай арганізацыі.
Заяўка на ўдзел у конкурсе пабытовага танца “Танчым па-беларуску”