Пазнавальна-забаўляльнае падарожжа ў свет традыцый

Сёння ў Нясяцкай сярэдняй школе адбылося сапраўды незабыўнае і вельмі важнае мерапрыемства для вучняў 5-9 класаў! Творчы калектыў раённага Дома культуры, этнаграфічнае аб'яднанне “Вераценца” і педагог-арганізатар Карпава Анастасія Пятроўна падарылі дзецям пазнавальна-забаўляльнае падарожжа ў свет традыцый.


Асаблівую цікавасць выклікала знаёмства з прызначэннем фартухоў і хустак у жыцці нашых продкаў. Пра фартухі расказала кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання “Спадчына” Кузьміцкая Тамара Сяргееўна. У яе калектыве робяць рэканструкцыі фартухоў Клічаўскага раёна. Два такія фартухі яна паказала на мерапрыемстве, таксама расказала, якія яны бываюць і для чаго выкарыстоўваюцца. Было адкрыццём, што фартух быў не толькі сімвалам працы і клопату пра сям'ю, але і меў ахоўную функцыю!


Дзеці з захапленнем сачылі за дэфіле, дзе старэйшыя дзяўчаты паказалі, як элегантна насілі хусткі, натхняючыся модай Клічаўшчыны, а таксама як іх завязвалі падчас сенакосу і ў калядных абрадах. Вучні даведаліся пра склад традыцыйнага строю, пачулі новыя для сябе словы, такія як “фальбонка”, “карункі”, “андарак” і “намітка”.


Акрамя таго, іх зачаравалі легенда пра “невідзімцаў”, традыцыі паводзін у лесе і відэа пра сенакос.
Чаму гэта важна? Менавіта праз дзяцей мы захоўваем нашу самабытнасць: калі яны цікавяцца, памятаюць і шануюць традыцыі – спадчына жыве! Вельмі прыемна бачыць, што ў школе працуюць такія неабыякавыя людзі, як Анастасія Пятроўна Карпава, якія з любоўю і адказнасцю ставяцца да захавання нашых культурных традыцый. Мы ўпэўнены, што школьнікі з Нясяцкай сярэдняй школы будуць з зацікаўленасцю вывучаць і шанаваць спадчыну нашых продкаў!


Ж.Я.Ачыновіч, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”