Бразгун
Абрад “Бразгун” і яго звязаны элемент – ушанаванне іконы Святых Пятра і Паўла вёскі Наркі
Абрад “Бразгун” праводзіцца заўсёды ў адно чысло – 13 чэрвеня на маляўнічай лясной паляне, якая знаходзіцца ў трох кіламетрах ад вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна, дзе б’е з-пад зямлі гаючая крыніца.
Шмат стагоддзяў таму ў гэтых мясцінах была моцная засуха. Людзі ў вёсцы Норкі вераць, што ў адказ на малітвы ў лесе з’явілася крыніца. Вада так моцна хвастала з-пад зямлі, што яе бразгаценне разносілася за некалькі кіламетраў. За гэта і назвалі крыніцу Бразгуном. Цуд здарыўся ў дні памяці апосталаў Пятра і Паўла. Мясцовыя жыхары ўзялі на сябе аброк: сабралі грошы, купілі абраз Пятра і Паўла і перадавалі яго з дому ў дом. Тая сям’я, якая захоўвала ікону да наступнага свята, даглядала і крыніцу. Традыцыя ўшанавання святой іконы Пятра і Паўла і цудатворнай крыніцы жывая і цяпер.
Абрад “Бразгун” і яго асноўны элемент – ушанаванне іконы святых апосталаў Пятра і Паўла жыхарамі вёскі Норкі Чэрыкаўскага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе. Адзначаюць яго на другі дзень праваслаўнага свята святых апосталаў Пятра і Паўла ля гаючай крыніцы, якая знаходзіцца недалёка ад вёскі Норкі. У гэты дзень абраз святых апосталаў Пятра і Паўла дастаўляецца з царквы да месца правядзення свята. Затым абраз і свечку адносяць да крыніцы, дзе ставяць на спецыяльна зробленую падстаўку. Ручнік вешаюць на ўсталяваны тут крыж. Праходзіць вадасвятны малебен з акафістам святым апосталам Пятру і Паўлу. Па заканчэнні служэння ўсе жадаючыя ламаюць галінкі бярозы, якія загадзя ставяць ля крыніцы, робяць гэта для таго, каб маланка не патрапіла ў хату, а таксама набіраюць асвячоную ваду, якая, як лічыцца, мае лячэбныя ўласцівасці, абмываюцца ў хрысцільні. Пасля асвячэння ікону Пятра і Паўла паднімаюць наверх і ўстанаўліваюць каля капліцы, каб людзі змаглі падысці і памаліцца аб дабрабыце сваіх родных. Тут жа праводзіцца абрад “Праходжанні пад іконай”, падчас, якога кожны жадаючы, праходзячы пад іконай, загадвае самае патаемнае жаданне.
Арганізатары мерапрыемства з’яўляюцца сектар культуры Чэрыкаўскага райвыканкама і ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”.
З 2014 года штогод праводзяць рэгіянальны конкурс ансамбляў фальклорнай і народнай песні “Са стагоддзя ў стагоддзе”. Праводзяцца царкоўныя і духоўныя спевы, працуюць выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выязны гандаль.