Свята Лялькі
Рэгіянальнае свята “Свята Лялькі”
Здаўна разнавіднасцю дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва на Кругляншчыне з’яўляўся выраб лялькі, якая суправаджала чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Менавіта лялька з’яўлялася магічным засцярогам для немаўлятаў, забяспечвала духоўную культуру, дапамагала ў цяжкія часы пераадольваць непрыемнасці, прымала на сябе хваробы, засцерагала ад злых сіл.
Рэгіянальнае свята “Свята лялькi” праходзіць штогод з 2016 года ў г.Круглое.
Праводзіцца з мэтай захавання традыцый вырабу і папулярызацыі традыцыйнай беларускай лялькі, развіцця розных напрамкаў і жанраў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Заснавальнікам конкурсу з’яўляецца сектар культуры Круглянскага райвыканкама, а арганізатарам – ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Круглянскага раёна”.
У свяце прымаюць удзел майстры дэкаратыўна прыкладнога мастацтва, спецыялісты дамоў, цэнтраў рамёстваў, умельцы, жадаючыя з ліку асабістых удзельнікаў без абмежавання ўзросту.
У рамках свята праходзіць конкурс “Лялька” па намінацыях: “Традыцыйная лялька”, “Міфы і легенды роднага краю” (лялькі з казак, былін і легенд), “Сучасная лялька”, “Самая крэатыўная лялька” (лялькі, у вырабе афармленні якіх выкарыстоўваўся нетрадыцыйны матэрыял), “Дзіцячая лялька”, “Мая любімая лялька” – намінацыя для конкурсу малюнка для дзяцей у дзвюх узроставых катэгорыях – малодшая (да 12 гадоў) і старэйшая (ад 12 да 15 гадоў), спецыяльныя намінацыі: “Лялька-Круглянка” – лялька сімвал Кругляншчыны, а таксама намінацыя “Лепшая лялька” – на прыз глядацкіх сімпатый.
Конкурсныя работы суправаджаюцца прэзентацыямі свабоднай творчай формы.
Таксама ў рамках свята праводзіцца конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці “Песні над Друццю”.
Падчас свята працуюць пляцоўка “Кірмашовых гульняў і забаў”, выставы лялек конкурснага праекта “Свята Лялькі” і іншыя выставы работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праходзяць майстар-класы.