Сенафэст
Раённы фестываль сена “Сенафэст”
Сенакос – адзін з абрадаў старажытнасці. Час сенакосу ў сялян лічыўся святочнай падзеяй, і чакалі яго з нецярплівасцю. Пры спрыяльных умовах уборка сена лічылася адной з прыемных сельскіх работ. Лета, цёплыя ночы, купанне пасля стомнай спякоты, духмянасць лугоў – усё разам мела радаснае ўздзеянне на душу.
Раённы фестываль сена “Сенафест” праходзіць у Кіраўскім раёне на базе Чыгірынскага вадасховішча з 2017 года, дзе непадалёку знаходзіцца ГЭС.
Фестываль арганізуецца сектарам культуры Кіраўскага райвыканкама, дзяржаўнай установай культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Кіраўскага раёна”, пры падтрымцы Стайкаўскага сельскага выканаўчага камітэта, сектар спорту і турызму Кіраўскага райвыканкама, іншых арганізацый і ўстаноў раёна.
Галоўнымі мэтамі і задачамі фестывалю з’яўляюцца: захаванне традыцыйнай культуры раёна, адраджэнне народных традыцый і абрадаў касьбы; стварэнне тэрытарыяльнага “брэнда” раёна на аснове народных традыцый і абрадаў; павышэнне турыстычнай прывабнасці раёна; арганізацыя вольнага часу насельніцтва.
Фестываль праходзіць у адкрытым фармаце, у розных фестывальных мерапрыемствах могуць удзельнічаць усе жадаючыя. Традыцыйна ў фестывалі прымаюць удзел жыхары Кіраўскага раёна і іншых рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, Рэспублікі Беларусь, фальклорныя і творчыя калектывы ўсіх узростаў (за выключэннем конкурсу па касьбе сена, дзе ўдзельнікамі могуць быць асобы, дасцігнуўшыя 18-гадовага ўзросту).
У рамках фестывалю праходзяць конкурсы: конкурс касцоў; мастацкі конкурс “Адроджаны сенакос”; конкурс фігур з сена; конкурс касцюмаў з прыроднага матэрыялу “Карнавал лясных фей”; конкурс пляцення вянкоў “Палявы цуд”.
Праграма фестывалю вельмі насычаная. Але па традыцыі фестываль пачынаецца з абрада “Сенны пояс”, які праводзіўся ў першы дзень выхаду жыхароў вёскі на сенакос. Абрад здзяйсняўся жанчынамі. Выконваючы абрадавую песню, яны павольна рухаліся да месца сенакосу. Да старэйшай жанчыны падыходзіў касец і прасіў благаслаўлення на касьбу. Гаспадыня яго благаслаўляла, пры гэтым прасіла ў Бога дапамогі. Пасля гэтага ўсе разам збіралі свежаскошаную траву, завівалі і скручвалі ў доўгія джгуты і плялі “сенны пояс”, уплятаючы ў яго палявыя кветкі. Калі пояс быў гатовы, жанчыны, трымаючы паясы на выцягнутых перад сабой руках, выконвалі абрадавы карагод, а потым абвязвалі касцоў. У народзе лічылася, што сенакос нясе абнаўленне для душы і цела, пакошаныя травы, сплеценыя ў “сенны пояс” давалі чалавеку здароўе, пазбаўлялі ад шматлікіх хвароб і выконвалі функцыю абярэга.
Пасля абраду праводзіцца конкурс касцоў па некалькіх конкурсных заданнях: касьба сена на хуткасць і якасць, “Ювелірная касьба”, “Стагаванне сена”. Удзельнікі конкурсаў касцюмаў свае работы прадстаўляюць у творчай форме: касцюмы з прыроднага матэрыялу “Карнавал лясных фей”, пляцення вянкоў “Палявое цуда”, фігур з сена. Падчас правядзення фестывалю працуюць выставы фігур з сена, традыцыйнага сенакоснага інвентара і сенакоснай культуры з сямейных “калекцый”, фотавыстав “Лета пяшчотна пахне сенам”, выстава страў нацыянальнай кухні, выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, у тым ліку з сена.
На працягу ўсяго дня працуюць майстар-класы па вырабу лялек з сена і саломы, сувеніраў. Падчас правядзення майстар-класаў праводзіўся мастацкі конкурс “Адроджаны сенакос”.
Для самых маленькіх гасцей фестывалю прайшла забаўляльна-гульнёвая праграма “У гасцях у саламяных чалавечкаў”.
У вячэрняй праграме фестывалю канцэртная тэатралізаваная праграма і дыскатэка, узнагароджваюцца ўдзельнікі конкурсу.