Тэатральныя вечарыны
Міжрэгіянальны фестываль-свята аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны”
Міжрэгіянальны фестываль-свята аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны” быў заснаваны ў гарадскім пасёлку Краснаполле ў 1993 годзе В.І. Ермаловічам, Заслужаным работнікам культуры БССР, у год, калі народны тэатр Краснапольскага раённага Цэнтра культуры адзначаў сваё 75-годдзе з дня заснавання. Народны тэатр Краснапольскага раённага Цэнтра культуры з’яўляецца найстарэйшым з дзеючых аматарскіх тэатраў Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1918 годзе XX cтагоддзя, ён у XXI стагоддзі працягвае лепшыя традыцыі мінулых гадоў. За час існавання тэатра ў ім былі выхаваны цудоўныя выканаўцы, якія тут атрымалі пуцёўку ў вялікае мастацтва: Людміла Разумава, якая працуе зараз у Мінскім тэатры юнага гледача; Людміла Лаўрыновіч, якая пазней стала Заслужанай артысткай Расійскай Федэрацыі.
Звыш 30-ці гадоў “Тэатральныя вечарыны” з’яўляюцца візітнай карткай Краснапольскага народнага тэатра і Краснапольшчыны. Фестываль прадстаўляе сабой своеасаблівы форум, месца для абмеркаванняў тэатральных праблем, спектакляў, для ўстанаўлення зносін акцёраў, рэжысёраў, аматараў тэатральнага мастацтва. Ён аб’ядноўвае аматарскія тэатры розных напрамкаў з усіх куткоў нашай краіны і краін замежжа.
Фестываль ставіць перад сабой мэту папулярызацыі і развіцця аматарскай тэатральнай творчасці, захаванне традыцый і развіццё нацыянальнага беларускага аматарскага тэатра; далучэнне моладзі да аматарскага драматычнага тэатру, як спосабу развіцця высокай маральнасці і духоўнасці; узаемнае творчае ўзбагачэнне ўдзельнікаў фестывалю; абмен творчым вопытам; удасканаленне ўзроўню кіраўнікоў і ўдзельнікаў аматаркіх тэатральных калектываў.Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца аматарскія тэатральныя калектывы: драматычныя тэатры, тэатры юнага гледача, дзіцячыя тэатры, тэатры лялечныя, тэатры гульні, вулічныя тэатры, тэатры агню,тэатры танца, тэатры ценяў і інш.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца сектар культуры Краснапольскага райвыканкама, дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”.
Фестываль ладзіцца тры дні, тры дні незабыўнага знаёмства і паглыбленне ў тэатральную творчасць, тры дні, калі Краснаполле пераўтвараецца ў тэатральную сталіцу Магілеўшчыны.
У розныя гады гэту тэатральную традыцыю Краснапольшчыны падтрымлівалі рэжысёры Краснапольскага народнага тэатра розных гадоў: А.В.Грубе, заснавальнік тэатра (1918-1920 гг.); І.П.Кешаў (1920-1950 гг.); Л.В.Лабаноўскі ( 1950-1970 гг.); В.И.Ермаловіч (1970-1990 гг.); Г.В.Хаціменка (2005-2006 гг.); А.Яфрэмаў (2007-2008 гг.); П.А.Шаўлякоў (2011-2014 гг.); М.Л.Пугачоў (2004-2005 гг.); А.П.Кузняцоў (2016-2019гг.); А.А.Паплыка (1995- 2001 гг., са студзеня 2020 г. і па цяперашні час).
За звыш 30-ці гадоў правядзення фестывалю краснапольскі глядач змог пазнаёміцца амаль з усімі формамі тэатральнага мастацтва, якія прадстаўлены ў Беларусі: драматычнымі, агню, гульні, лялек, эксперыментальнымі, альтэрнатыўнымі, форум-тэатры з Латвіі, Літвы, Украіны, Расійскай Федэрацыі (г. Іжэўск, г. Гатчына, г. Екацярынбург), усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.
Фестываль зведаў мноства змен, з 2013 года фестываль праводзіцца штогод і мае статус міжрэгіянальнага.
Абавязкова у рамках фестывалю праходзяць майстар-класы, у розныя гады майстар-класы прадстаўлялі: С. Шанскай, член Саюза тэтральных дзеячаў Расіі, Заслужаны работнік культуры Удмуртскай рэспублікі, рэжысёр тэатра “Птица” з г. Іжэўска, С. Васечкін рэжысёр тэатра “Отрада” з г. Клайпеда (Літва) і інш.
За апошнія гады адбыўся творчы ўзлёт фестывалю, пашырылася геаграфія ўдзельнікаў.
У 2017 годзе VI Міжрэгіянальны фестываль-свята аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны” праводзіўся ў рамках рэалізацыі Праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансаваўся Еўрапейскім Саюзам (ЕС) і рэалізаваўся Праграмай развіцця ААН (ПРААН).
Яскравай і феерычнай падзеяй у культурным жыцці краснапольшчыны стаў VII рэгіянальны фестываль “Тэатральныя вечарыны”, які быў прымеркаваны да 100-годдзя з дня стварэння Краснапольскага народнага тэатра. У ім прынялі ўдзел 15 аматарскіх тэатраў, спектаклі якіх наведала больш за 2600 гледачоў.
Міжрэгіянальны фестываль-свята аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны” – гэта пласт краснапольскай культуры і духоўнасці яе жыхароў.
Багатая гісторыя, вопыт мінулага пакалення, патэнцыял моладзі адкрывае новыя гарызонты і працягвае жыццё фестывалю “Тэатральныя вечарыны”.
Менавіта аматарскай тэатральнай творчасці прысвечаны словы знакамітага паэта і краснапальчаніна Аляксея Пысіна:
Свае, знаёмыя – у галоўных ролях,
Свае, і дыкцыя і мова.
Свае, народныя, у арэоле
Людской павагі, безумоўна.