Народная прыпеўка
Абласное свята “Народная прыпеўка”
Слаўгарадшчына славіцца багатымі традыцыямі, адной з якіх з’яўляецца абласное свята “Народная прыпеўка”, якое праводзіцца на жывапісным беразе Сожа кожныя два гады. Свята вядзе сваю гісторыю з 1994 года. Кожны раз яно збірае шмат аматараў народнай творчасці, якія шчыра дзеляцца сваім талентам.
Асноўная мэта свята – развіццё і папулярызацыя жанру народнай прыпеўкі, ігры на гармоніку, пошуку таленавітых выканаўцаў і калектываў. Таксама вялікае значэнне арганізатары надаюць папулярызацыі народнай творчасці сярод маладога пакалення, развіццю пачуцця павагі да народнай культуры – аснове нацыянальнай самасвядомасці і самаразумення.
Заснавальнікамі і арганізатарамі свята з’яўляюцца ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, Слаўгарадскі райвыканкам, сектар культуры Слаўгарадскага райвыканкама, установа культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
У свяце прымаюць удзел індывідуальныя выканаўцы, вакальныя групы і ансамблі, калектывы малых формаў (дуэты, трыа, квартэты), ансамблі народнай музыкі, гарманісты, выканаўцы народнага гумару, майстры выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва ўстаноў культуры сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Па запрашэнню арганізатараў у фестывалі могуць браць удзел творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і краін замежжа з правам удзелу ў запланаваных мерапрыемствах.
У рамках свята праводзяцца конкурсы: гарманістаў, выканаўцаў прыпевак (сола, дуэт, група), вакальных ансамбляў, інструментальных ансамбляў, выканаўцаў народнага гумару (гутарковы жанр). Акрамя таго, удзельнікі свята выязджаюць з канцэртнымі праграмамі ў аграгарадкі раёна, выступаюць на адкрытых пляцоўках райцэнтра. Традыцыйна свята завяршаецца гала-канцэртам пераможцаў конкурсу “З крыніц народных нашы песні ўзрошчаны” на маляўнічым беразе, дзе зліваюцца рэкі Проня і Сож. Народны каларыт свята дапаўняюць выстава-кірмаш вырабаў майстроў народнага мастацтва – “Горад майстроў”, імправізаваныя сельскія падворкі – “Аграгарадок запрашае на свята”.
Змяняецца час…Змяняюцца пакаленні, але народная творчасць заўсёды была і застаецца вызначальным фактарам прыналежнасці чалавека да беларускай нацыі. А свята “Народная прыпеўка” – гэта адзін з сродкаў захавання пераемнасці пакаленняў – адкрывае новых самародкаў. І, як сказаў адзін з удзельнікаў свята, – “Няхай гучыць, няхай звініць народная прыпеўка!”.