Рыцарскі фэст
Рэгіянальнае свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”
Мсціслаў – горад, заснаваны каля дзевяці стагоддзяў таму, некалі быў адным з палітычных, духоўных і культурных цэнтраў сярэднявечнай Беларусі-Літвы, цэнтрам удзельнага княства і даў свету мноства слаўных імёнаў: аўтар рускай граматыкі Ілля Капіевіч, першадрукар Пётр Мсціславец, княгіня Анастасія Слуцкая, майстар Сцяпан Палубес і іншыя.
У нашы дні Мсціслаў з’яўляецца адным з унікальных гісторыка-культурных цэнтраў Магілёўшчыны, цікавым аб’ектам турызму і месцам правядзення традыцыйнага свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”, які праводзіцца штогод з 2008 года і доўжыцца два дні.
Заснавальнікам і арганізатарам свята з’яўляюцца Мсціслаўскі райвыканкам, аддзел культуры Мсціслаўскага райвыканкама.
На свята з’язжаюцца рыцарскія клубы гістарычнай рэканструкцыі, этнаграфічныя і фальклорныя калектывы, рамеснікі з Беларусі, Расіі, Эстоніі і іншых краін.
Па традыцыі ўдзельнікаў і гасцей свята вітаюць гістарычныя персанажы – княгіня Анастасія Слуцкая і Вялікі князь Расціслаў Мсціслаўскі.
Падчас свята суровая рамантыка сярэднявечча акутвае Мсціслаў. Пра эпоху мужных рыцараў тут нагадвае літаральна ўсё: па вуліцах гуляюць высакародныя ваяры і іх лэдзі ў рэканструяваных старажытных строях. На вуліцах горада і сцэнічных пляцоўках выступаюць музыканты, у “Горадзе майстроў” рамеснікі гандлююць сваімі вырабамі з гліны, металу, лямца і інш.
Традыцыйным для свята з’яўляецца шэсце і прадстаўленне рыцарскіх клубаў-удзельнікаў, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй розных перыядаў Сярэднявечча, прычым не толькі Вялікага княства Літоўскага, але і Русі, Германіі, Ірландыі, Залатой Арды і інш.
Таксама праводзяцца рыцарскія турніры і бугурты “Да апошняга, які стаяў на нагах”, “Штурм маста”, “Захоп караля”, “Штурм цытадэлі”, паказальныя выступленні, сярэднявечныя танцы, вогненнае шоу, майстар-класы па танцах і сярэднявечнай музыцы, выступленні мастацкіх калектываў раёна, розныя выставы і інш.
На розных фестывальных пляцоўках на працягу ўсяго свята выступаюць фальклорныя калектывы, якія выконваюць сярэдневяковую музыку.
У рамках свята праводзяцца выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, працуюць тэматычныя пляцоўкі, прапануецца мноства іншых вясёлых і арыгінальных забаў. Праводзяцца экскурсіі па музеях, гістарычным і архітэктурным помнікам горада Мсціслава (Пустынскі і Езуіцкі манастыры, Калегіум і іншыя), забаўляльныя праграмы для дзяцей і дарослых, працуюць атракцыёны.