Дзень агурка
Рэгіянальнае свята збору летняга ўраджаю “Дзень агурка”
Рэгіянальнае свята збору летняга ўраджаю “Дзень агурка” штогод праходзіць у жніўні ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. Свята праводзіцца з 2006 г. і прысвечана збору летняга ўраджаю.
Жыхары Шклова лічаць свой горад самым “агурочным” у Беларусі. Шклоўчане любяць агуркі і вырошчваюць іх у неверагодных колькасцях, ведаюць сотні рэцэптаў страў ад агурочнага варэння і настоек да разнастайных кансервацый.
У 2007 годзе ў горадзе была ўстаноўлена бронзавая скульптурная кампазіцыя “Агурок” – гэта своеасаблівы талісман горада.
Свята “Дзень агурка” накіравана на ўмацаванне культурных сувязей паміж творчымі калектывамі; выяўленне таленавітых майстроў і папулярызацыя народнай творчасці; фарміраванне турыстычнай цікавасці да раёна і прыцягненне турыстычнага патоку на тэрыторыю раёна; арганізацыя змястоўнага і разнастайнага адпачынку насельніцтва; прасоўванне культурных брэндаў тэрыторыі і прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці і іншае.
Арганізатарам свята з’яўляецца сектар культуры Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта, ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Шклоўскага раёна”.
Дзень агурка традыцыйна пачынаецца ярка і займальна – з касцюміраванага шэсця і тэатралізаванага паказу. Кожны год арганізатары свята прыдумляюць нешта новае і незвычайнае.
Асноўным месцам правядзення свята становіцца гарадскі парк, дзе госці могуць паглядзець тэатралізаваную праграму, канцэрты творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў культуры Шклоўскага раёна, артыстаў з Магілёва і іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Абавязковай часткай свята з’яўляецца тэатралізаваная праграма ў скульптурнай кампазіцыі – “Жаніцьба Агурка”.
Гасцям і ўдзельнікам свята ў гэты дзень можна будзе пакаштаваць агуркі на любы густ: свежыя, салёныя, маласольныя, смажаныя-параныя, запечаныя ў пірагах, звараныя ў супчыку і ў экзатычным варэнне, якія будуць прапаноўваць у “агурочных падворках”.
Праводзяцца разнастайныя конкурсы і спаборніцтвы: самы вялікі агурок, лепшая агурочная страва, лепшы агурочны касцюм, “агурочны абжора”, “маласольныя танцы”, паэтычны конкурс “Прысвячэнне агурку” і іншыя. На спартыўных пляцоўках праходзяць футбольныя сустрэчы юніёраў, футбольныя конкурсы, жангліраванне мячом, пенальці, спаборніцтвы па стрытболе, спаборніцтвы па пляжным валейболе сярод мужчын, жанчын, сямейных каманд і многае іншае.
З’яжджаючы з гэтага невялікага, але вельмі ўтульнага і добразычлівага горада Шклова кожны госць везці з сабой сувеніры, новыя рэцэпты і выдатны настрой.