Гаспадарчы сыр
Гастранамічны фестываль “Гаспадарчы сыр”
Гастранамічны фестываль “Гаспадарчы сыр” праводзіцца штогод у г.Слаўгарадзе з 2012 года. Фестываль задумваўся для таго, каб даць другое жыццё старажытным слаўгарадскім традыцыям сыраварства, дапамагчы мясцовым сыраробам знайсці рынкі збыту сваёй прадукцыі.
Галоўны прыярытэт на свяце – мясцовы кулінарны брэнд – хатнія сыры. Для дэгустацыі і продажу прадстаўляецца больш за 30 відаў хатняга сыру на любы густ: цвёрдыя і мяккія, плаўленыя і тварогавыя, сулугуні і брынза, сырніца і сырныя аладкі, салодкія і салёныя, з рознымі заправамі і напаўняльнікамі.
Правядзенню фестываля папярэднічала доўгая работа па праекту “Развіццё сельскіх тэрыторый”, які быў ініцыяваны жыхарамі сельскіх населённых пунктаў раёна, падтрыманы Праграмай малых грантаў Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць Слаўгарадскі раённы выканаўчы камітэт, сектар кульутры Слаўгарадскага райвыканкама, мясцовы фонд развіцця сельскіх тэрыторый “Адраджэнне-Агра”.
Апроч традыцыйнага кірмашу-продажу хатніх сыроў з дэгустацыяй, майстар-класамі па іх гатаванні і розыгрышамі, на фестывалі прадстаўлена агратурыстычная вёска, дзе гаспадары аграсядзіб Слаўгарадскага раёна прэзентуюць магчымасці па прыёме турыстаў, прадстаўляюць свае лакальныя турпрадукты, а таксама частуюць стравамі нацыянальнай кухні і старажытнымі традыцыйнымі напоямі.
У праграме мерапрыемства таксама: анімацыйна-забаўляльныя праграмы з экскурсіямі, канцэртамі, іграмі, конкурсамі і розыгрышамі, майстар-класы народных умельцаў. Ахвотнікі змогуць адправіцца ў спецыяльна падрыхтаваны тур у вёску Лясная, дзе можна будзе наведаць музей пад адкрытым небам бітвы пры Лясной, мемарыяльную капліцу і помнік, пабудаваныя ў гонар перамогі рускіх войскаў над шведамі ў 1708 годзе, экскурсійный тур да “Блакітная крыніца” – гідралагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння і інш.
У 2015 годзе фестываль наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, які даў высокую ацэнку яго правядзення.