Макавей
Раённы фестываль “Макавей”
Фестываль ужо стаў традыцыйным на Слаўгарадчыне, праходзіць ён у маляўнічым месцы на тэрыторыі помніка прыроды Рэспубліканскага значэння “Блакітная крыніца” бліз в.Кліны. Праводзіцца ў гонар Жыватворнага Крыжа Гасподняга, Прачыстай Божай Маці, сямі пакутнікаў Макавеяў і прымеркаваны першаму (Мядоваму) Спасу, які адзначаецца 14 жніўня.
Падчас правядзення фестывалю тэрыторыя разбіваецца на некалькі зон:
- фестывальная – са сцэнай, месцамі для гледачоў, выставамі-продажамі майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Магілёўскай вобласці і іншых абласцей Беларусі; прадукцыі пчалярства; харчовых і нехарчовых тавараў і, вядома, продаж прадукцыі майстроў-сыравараў раёна, вядомых далёка за межамі Слаўгарадчыны;
- зона адраджэння легенд аб крыніцы;
- сакральная зона – хрысціянская як яе называюць, месца правядзення традыцыі паломніцтва да “Блакітнай крыніцы”, дзе знаходзіцца непасрэдна сама крыніца, капліца і іншае.
Бадай самай важнай падзеяй фестываю з’яўляецца традыцыя паломніцтва і пакланення “Блакітнай крыніцы”, якая з’яўляецца элементам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны раёна і ўнесена ў Дзяржаўны спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Больш старажытная назва крыніцы, якое захавалася ў гістарычных крыніцах – “Сіні калодзеж”. Традыцыі ужо больш за 1000 гадоў. Паломніцтва пачынаецца напярэдадні з вячэрняга богаслужэння, потым праходзяць ранішнія малебныя спевы з акафістам каля капліцы, асвятленне крыніцы, і крэсны ход. За час правядзення свята, некалькі тысяч паломнікаў наведваюць крыніцу, і як некалькі стагоддзяў таму, тройчы пераходзяць крыніцу, больш смелыя акунаюцца ў ёй.
Таксама ў рамках фестывалю праводзіцца рэгіянальнае свята-конкурс “Спас – усяму час”, у якім прымаюць удзел творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з раёнаў Магілёўскай вобласці. Конкурсная праграма праходзіць па намінацыях “Лепшая фальклорная група”, “Лепшы саліст-фалькларыст”, “Лепшы вакальны гурт народнай песні”, “Лепшы індывідуальны выканаўца народнай песні”. Адной з мэт свята-конкурсу з’яўляецца прыцягненне насельніцтва да фальклорнай спадчыны Магілёўшчыны.
Праходзіць эка-этна фестываль “Песні аб крыніцы”. Яго ўдзельнікі – вакальныя і інструментальныя калектывы выконваюць музычныя кампазіцыі, звязаныя з тэматыкай вады.