Краснапольскі глечык
Рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык”
Фестываль з’яўляецца формай папулярызацыі беларускіх народных мастацкіх рамёстваў, абмену яго ўдзельнікаў вопытам работы па захаванні і развіцці традыцыйных мастацкіх рамёстваў, сродкам павышэння творчага ўзроўню майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Фестываль накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця мясцовай традыцыйнай народнай мастацкай творчасці праз далучэнне моладзі да яго вытокаў; захаванне, адраджэнне і развіццё народных мастацкіх промыслаў; стварэнне ўмоў для развіцця турызму і іншае.
Яго арганізатарамі з’яўляюцца ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”, Краснапольскі раённы Дом рамёстваў.
Прымаюць удзел майстры народных мастацкіх рамёстваў Магілёўскай вобласці, рамеснікі і ўмельцы, якія працуюць у гэтым напрамку.
Праграма прадугледжвае правядзенне канферэнцыі “Захаванне і развіццё традыцыйных промыслаў і рамёстваў як актуальная задача развіцця культурнага соцыума”, якая накіравана на цеснае ўзаемадзеянне майстроў па абмену вопытам і пошук шляхоў і асаблівасцей захавання і развіцця традыцыйных рамёстваў ва ўмовах сучаснасці.
Сярод стымулюючых да творчасці сродкаў стала і правядзенне ў рамках фестывалю розных конкурсаў. У рамках фестывалю праводзяцца конкурсы традыцыйных і сучасных рамёстваў “Незабытыя рамёствы”, “Рамёствы ў фармаце сучаснасці”.
Удзельнік конкурсу прадстаўляе 5 работ, выкананых у традыцыйных або сучасных тэхніках. Адна з конкурсных работ павінна адлюстроўваць традыцыйныя асаблівасці промыслаў і рамёстваў раёна. Крытэрыі адзнакі работ майстроў: валоданне традыцыйнымі і сучаснымі матэрыяламі і тэхнікамі рукадзелля пры вырабе прац; мастацкі і тэхнічны ўзровень; захаванне мясцовых традыцый у вырабах; гарманічнасць і яркасць мастацкіх вырабаў; творчая фантазія, арыгінальнасць, кампазіцыйныя рашэнні.
Таксама падчас фестывалю праходзяць выстаўкі вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы па розных відах рамёстваў, канцэртныя выступленні творчых калектываў з розных раёнаў Магілёўскай вобласці.
Ганчарства – былы гонар Краснапольшчыны. Гліняныя вырабы майстроў з краснапольскіх вёсак і сёння жывуць у быце і культурным асяродку краснапальчан. З’явіліся на краснапольскай зямлі і майстры-ганчары новага пакалення, сярод якіх А. Л. Чарткова.
Сярод адметных асаблівасцей фестывалю – шырокія магчымасці абмену вопытам і далучэння да народнай творчасці, сродкі стымулявання творчых працэсаў, творчага адпачынку.