Дрыбінскія таржкі
Рэгіянальны фестываль народнай творчасці,
народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”
Фестываль праводзіцца штогод у г.п.Дрыбін з 2011 года. З’явіўся гэты фестываль не на пустым месцы, ён з’яўляўся працягам традыцыі, якая існавала некалі на Дрыбіншчыне. Яшчэ ў XIX стагоддзі на кірмашы ў Дрыбін з’язжаліся таргаваць людзі з далёкіх і блізкіх населёных пунктаў. Яны прадавалі сельскагаспадарчую прадукцыю і рамесныя вырабы. Самы бойкі гандаль ішоў у жніўні на Іллю. Сучасны фестываль захаваў сутнасць гэтых “таржкоў”, але з украпленнем сучаснасці.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца: Дрыбінскі райвыканкам, сектар культуры Дрыбінскага райвыканкама, дзяржаўная установа культуры “Дрыбінская цэнтралізаваная клубная сістэма”.
Галоўнай мэтай фестывалю з’яўляецца захаванне культурных традыцый дрыбіншчыны, народных мастацкіх рамёстваў, далучэнне людзей да скарбаў народнай кульутры як да духоўнай каштоўнасці.
У 2015 годзе праект “Рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”, як адзін з рэсурсаў устойлівага развіцця рэгіёна”, атрымаў перамогу ў 1-ым конкурсе мясцовых ініцыятыў, які праводзіўся ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Штогод на свята збіраюцца жыхары з усяго раёна, госці з суседніх раёнаў Магілёўскай і Віцебскай вобласці, дэлегацыі з краін блізкага замежжа. На фестывалі пабывалі госці з Аўстрыі, Германіі, Кітая, Малдовы.
У фестываля ёсць свой гаспадар – Дрыбша, які сустракае гасцей хлебам-соллю на ўсталяванай ім імправізаванай мяжы. Пераход праз “Дрыбінскую мытню” зусім няпросты. Паспытаўшы пачастункі, пад музыку, песні і танцы мяжу пераходзяць і пераязджаюць хто на веласіпедзе, хто на самакаце, хто на лыжах, а камусьці прыходзіцца і праз скакалку паскакаць.
Фестываль мае трохдзённы фармат.
Першы дзень фестывалю аддаецца дзецям і дзіцячай творчасці. Праводзіцца конкурс вакальнага мастацтва “Маёй Радзіме прысвячаецца”, конкурс малюнкаў на асфальце, святочнае дэфіле, фестываль красак, працуюць дзіцячыя “крамніцы”, фотазона, атракцыёны і іншыя забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей.
Другі дзень – маладзёвая творчасць. Амаль на працягу дня працуе маладзёвая канцэртная пляцоўка і іншыя пляцоўкі па інтарэсах, праводзяцца спартыўныя спаборніцтва па розных відах, квэст-гульні, конкурсы “Каса яся краса”. А таксама майстар-класы па розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, конкурс дыджэяў “Дрыбінскі драйв” і завяршаецца дзень маладзёвай дыскатэкай.
Трэці дзень – асноўны дзень фестывалю. У гэты дзень праходзіць шэсце ўдзельнікаў фестывалю, працуюць дзве канцэртныя пляцоўкі, дзе творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы прадстаўляюць гледачам сваю творчасць.
Атмасферу кірмашу на фестывалі адлюстроўваюць разнастайныя “таржковыя крамніцы”: крамніца “Зёлак”, крамніца “Селядцоў” прапаноўвалі стравы з рыбы і розныя рыбацкія забавы; крамніца “Вада жыцця” – крынічная вада, “жывая вада” на травах; крамніца “Дабра скеніць” з духмяным свежым хлебам па мясцовых старадаўніх рэцэптаў і продажам страў беларускай нацыянальнай кухні; крамніца “Мядовая” – багаты асартымент мёду, “мядовыя прысмакі”, мядок.
Акрамя таго, у цэнтры гарадскога пасёлка шырока разгортваецца “Горад майстроў” з разнастайнымі майстар-класамі па народных рамёствах. Гульнёвая праграма “Дрыбінскія бусавы” з эксклюзіўнымі гульнямі з валёнкамі з’яўляецца традыцыйным цэнтрам забаў. Нязменна на фестывалі арганізуецца работа “Літаратурнай гасцёўні”, дзе ладзяцца паэтычныя чытанні ўдзельнікаў штогадовага конкурсу творчых работ “Славім Дрыбінскі наш край”.
Насычана і вячэрняя праграма фестывалю – гэта выступленні беларускіх артыстаў, фаер-шоу, святочны феерверк.