Зялёныя святкі
Міжрэгіянальнае свята-конкурс “Зялёныя святкі”
Міжрэгіянальнае свята-конкурс “Зялёныя святкі” праходзіць штогод у дзень Святой Тройцы ва ўрочышчы Байкава, што знаходзіцца недалёка ад г.Чавусы.
Свята заснавана на нацыянальных традыцыях. Здаўна на Беларусі пад канец мая – на пачатку чэрвеня праводзіцца цэлы цыкл абрадаў, прымеркаваных да народнага свята Сёмуха. Сёмуха, Зялёныя святкі – менавіта так называюць беларусы свята Тройцы. Гэты дзень з’яўляецца адным з найважнейшых свят праваслаўнага календара. У гэты дзень беларусы вітаюць росквіт прыроды карагодамі, песнямі, танцамі і варожбамі. Галоўным атрыбутам свята з’яўляюцца бярозавыя галінкі (знак жыцця) і першыя кветкі.
Асобы маштаб гэтае свята набыло ў вёсцы Петухоўка, Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Міжрэгіянальнае свята-конкурс “Зялёныя святкі” праводзіцца ў раёне з 2013 года з мэтай адраджэння, захаваннея самабытнай фальклорнай культуры і традыцый рэгіянальнага характару, іх папулярызацыі і актуалізацыі ў сучасным грамадстве, а таксама далучэння падрастаючага пакалення да традыцыйнай культуры.
Арганізатары свята – сектар культуры Чавусскага райвыканкама, ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавусскага раёна”.
На свята запрашаюцца майстры і ўмельцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці рэгіёнаў вобласці са сваімі выставамі. Працуюць гандлёвыя рады, гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, гасцей свята частуюць стравамі традыцыйнай кухні.
У рамках праграмы свята праходзіць міжрэгіянальны конкурс карагодаў і абрадаў “Кумленне”: творчыя калектывы з розных раёнаў Магілёўшчыны і памежных раёнаў Расіі прадстаўляюць рэгіянальныя карагоды, мясцовыя традыцыйныя гульні-танцы і эпізоды абрадаў, прымеркаваных святу. Журы адбірае пераможцаў па крытэрыях конкурсу: захаванне і развіццё традыцый мясцовага напрамку, выкарыстанне традыцыйных рэгіянальных касцюмаў, атрыбутыкі, рэгіянальныя асаблівасці конкурсных праграм, традыцыйных траіцкіх страў, узровень выканальніцкага майстэрства і развіццё пераемнасці пакаленняў. У склад журы ўваходзяць спецыялісты сектара культуры Чавускага райвыканкама, таксама штогод запрашаецца спецыялісты УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
Кульмінацыйным момантам свята традыцыйна з’яўляецца асвячэнне галоўнай крыніцы. Таксама праходзіць асвячэнне іншых крыніц, і кожны жадаючы можа набраць з крыніцы вады і акунуцца ў хрысцільню “для ачышчэння цела і духу”. А фіналам свята-конкурсу з’яўляецца канцэрт кіроўных калектываў раёна.