Венок Дружбы
Міжнародны фестываль народнай творчасці “Венок дружбы”
У гэтага свята ёсць свая гісторыя, якая пачалася ў 1996 годзе з фестывалю аўтэнтычнага фальклору Беларускага Прыдняпроўя, які праводзіўся ў Магілёве і ў якім прынялі ўдзел каля 30 аўтэнтычных ансамбляў з Беларусі і Украіны. З 2003 года сталіцай фестывалю “Венок дружбы” стаў шматнацыянальны Бабруйск і праводзіцца ён адзін раз у два гады.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам, Бабруйскі гарвыканкам.
Міжнародны фестываль народнай творчасці “Венок дружбы” – гэта форум народных талентаў. Ён годна заняў месца ў фестывальным руху Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца яркім прыкладам імкнення народаў да ўмацавання творчых сувязяў, якія атрымліваюць новае развіццё ў выглядзе самых розных формаў міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў галіне культуры.
Фестываль праходзіць пад дэвізам “Фестиваль дружбы – за мир и согласие без границ!”.
Асноўнымі мэтамі фестывалю з'яўляюцца: адраджэнне, развіццё, папулярызацыя лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнай, сусветнай культуры і мастацтва, далучэнне да іх шырокіх пластоў грамадства; паказ дасягненняў у вобласці народнай творчасці; павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў фестывалю і папулярызацыя відаў аматарскага мастацтва; узбагачэнне нацыянальнай культуры перадавым міжнародным вопытам; развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязяў, абмен духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі; узбагачэнне рэпертуара творчых калектываў творамі народнага мастацтва, лепшымі ўзорамі музычнай, песеннай і танцавальнай культуры розных краін і народаў.
Самадзейныя калектывы, якія прыязджаюць на фестываль дэманструюць шырокі і шматгранны спектр народнага мастацтва – ад самабытных традыцыйных песень і танцаў, што яшчэ захавалі дыханне мінулых стагоддзяў, да твораў народнай культуры ў сучаснай апрацоўцы, што надала ім новае гучанне і адмысловую агранку.
За гады правядзення фестывалю ў ім удзельнічалі творчыя калектывы і асобныя выканаўцы з больш за 40 краін 5 кантынентаў: Расіі, Малдовы, Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Турцыі, Ірана, Азербайджана, Кітая, Аўстрыі, Славакіі, Венесуэлы, Калумбіі, Кубы, Мексікі і іншых краін.
Праграма фестывалю прадугледжвае канцэртныя і конкурсныя выступленні калектываў мастацкай творчасці, асобных выканаўцаў, парад удзельнікаў фестывалю, тэатралізаваныя прадстаўленні і масавыя гулянні, святы музыкі, правядзенне выстаў-кірмашоў работ майстроў розных відаў народнага мастацтва, правядзенне майстар-класаў, творчых лабараторый вядучых спецыялістаў, педагогаў па розных відах мастацтваў з Беларусі і замежных краін, навукова-практычныя канферэнцыі па пытаннях развіцця народнай творчасці.
Традыцыйна ў рамках праграмы “Венка дружбы” замежныя ўдзельнікі прымаюць удзел ва ўрачыстым адкрыцці і закрыцці фестывалю; тэатралізаваным шэсці; вечары дружбы з прэзентацыяй страў нацыянальнай кухні, выставе-прэзентацыі нацыянальных сувеніраў. З 2010 года праводзіцца конкурс “Вянок, як сімвал фестывалю – у падарунак фестывалю”. Калекцыя якіх захоўваецца ў краязнаўчым музеі г.Бабруйска і налічвае каля 140 вянкоў і лялек у нацыянальных касцюмах.
Гісторыя не раз даказвала, што найбольш трывалыя масты сяброўства паміж народамі ўзводзяцца праз культурнае супрацоўніцтва. Народная дыпламатыя, народныя песні і танцы не ведаюць межаў, мова мастацтва і творчасці не патрабуе перакладаў.
Міжнародны фестываль народнай творчасці “Венок дружбы” стаў візітнай карткай горада на Беразіне, яго чакаюць і гараджане, і госці, а горад сапраўды становіцца горадам Дружбы, дзе аб'ядноўваюцца кантыненты, краіны і сустракаюцца людзі, каб сябраваць.