Веснавыя колеры
Рэгіянальны фестываль народнай творчасці “Веснавыя колеры”
З 1992 года збірае ў г.Асіповічы “пад адзіны дах” усе віды народнай творчасці – для таго, каб у кожнага гледача склалася ўяўленне, чым багата сёння духоўная культура Беларусі. Фестываль з’яўляецца формай калектыўнага яднання творчасці, дзе выказваецца агульны настрой і суперажыванне ўдзельнікаў і, адначасова, пляцоўкай, дзе найбольш ярка дэманструюцца і выяўляюцца таленты людзей, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй, а аматарствам.
Ініцыятарам правядзення фестывалю стаў былы начальнік аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама В.Ф. Налівайка. З яго, як кажуць, лёгкай рукі фестываль набыў шырокую папулярнасць і ўжо доўгі час працягвае сваё жыццё.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца аддзел культуры Асіповіцкага райвыканкама, дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”.
Мэтай фестывалю з’яўляецца: павышэнне сацыяльнай ролі і ідэйна-мастацкага ўзроўню народнай творчасці, яе ўплыву на развіццё культурнай актыўнасці насельніцтва; стварэнне новых аматарскіх калектываў розных відаў і жанравых накірункаў; дасканаленне сістэмы эстэтычнага і мастацкага выхавання і арганізацыі вольнага часу насельніцтва.
У фестывалі прымаюць удзел дарослыя і дзіцячыя творчыя калектывы, індывідуальныя выканаўцы па розных жанрах аматарскай творчасці, а таксама індывідуальныя выканаўцы: салісты, танцоры, музыканты, чытальнікі з Асіповіцкага раёна, іншых рэгіёнаў вобласці і краіны.
Фестываль праводзіцца штогод на працягу сакавіка-мая ў два этапы. Першы этап: занальныя агляды-конкурсы, справаздачныя канцэрты па розных відах і жанрах самадзейнай творчасці, у межах якіх прадстаўляюцца лакальныя, фальклорныя і народныя святы, тэатралізаваныя прадстаўленні. Другі этап – заключны.
Традыцыйна адкрывае фестываль урачыстае шэсце творчых калектываў удзельнікаў і гасцей фестывалю. Арганізуецца работа “Горад майстроў” – выставы-кірмашу работ майстроў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Асіповіцкага раёна і іншых рэгіёнаў рэспублікі з майстар-класамі па розных відах рамёстваў. У цэнтральным парку працуе святочны гандаль, атракцыёны, дзіцячая гульнёвая пляцоўка “Вясёлка”.
Цікава праходзіць свята народных традыцый “Асіповіцкі кірмаш”, дзе праходзяць тэатралізаваныя паказы калектываў аматарскай творчасці раёна, выставы работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прэзентацыя страў традыцыйнай беларускай кухні на адкрытых подворках: “Каўгарская карчма”, “Радуціцкі куток”, “Пратасевіцкі ўзгорак”, “Сасноўскі падворак”, “Карытнянскі парожак”, “Свіслацкі беражок”, Лялечны тэатр “Ялінка”.
Завяршае фестываль гала-канцэрт лепшых калектываў мастацкай творчасці Асіповіцкага раёна, запрошаных калектываў аматарскай мастацкай творчасці Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнаў рэспублікі.
Дзякуючы фестывалю з года ў год расце папулярнасць народнай творчасці, што прыцягвае ў аматарскія калектывы новых удзельнікаў. За ўвесь перыяд існавання фестывалю колькасць народных і ўзорных калектываў узрасла ў 7 разоў. У цяперашні час у Асіповіцкім раёне найменне “народны”, “узорны” носяць 22 калектыва аматарскай мастацкай творчасці. За гэты перыяд было адкрыта мноства таленавітых імёнаў. Аднойчы, паспрабаваўшы сябе на фестывальнай сцэне, многія звязваюць сваё прафесійнае жыццё з творчасцю і культурай. Фестываль “Веснавыя колеры” дазваляе жыхарам Асіповіцкага раёна бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнай культурай Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, а таксама с творчасцю майстроў, якія вырабляюць унікальныя вырабы народных мастацкіх рамёстваў на аснове выкарыстання традыцыйных прыёмаў і аўтарскіх распрацовак.