Пісьмянкоў луг
Абласное свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”
Абласное свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” з 2006 года праводзілася, на малой радзіме вядомага паэта Беларусі Алеся Уладзіміравіча Пісьмянкова, каля вёскі Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна. З 2015 года праводзіцца ў г. Касцюковічы ў маі адзін раз у два гады.
Свята праводзіцца з мэтай захавання і прымнажэння нацыянальнай культурнай спадчыны, выяўлення новых імёнаў паэтаў і самадзейных аўтараў, эстэтычнага і мастацкага выхавання і арганізацыі вольнага часу насельніцтва, пашырэння творчых кантактаў і культурных сувязяў.
Заснавальнікам і арганізатарам свята з’яўляецца аддзел культуры Касцюковіцкага райвыканкама.
Свята збірае як вядомых, так і пачынаючых паэтаў-аматараў, выканаўцаў аўтарскай песні з рэгіёнаў Магілёўшчыны і бліжняга замежжа.
Ганаровымі гасцямі свята з’яўляюцца сваякі знакамітых паэтаў і пісьменнікаў-землякоў. За час існавання свята на Касцюковіцкай зямлі пабывалі: унук Аркадзя Куляшова Уладзімір Хрыставіч Бербераў, сын Аляксея Русецкага Уладзімір Бурдзелеў, жонка Алеся Пісьмянкова Алена Рыгораўна, яго сын Максім, брат Мікалай Уладзіміравіч Пісьмянкоў, а таксама члены Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і іншыя.
На свяце пануе творчая атмасфера, гучыць шмат песень і вершаў, у тым ліку вершы Алеся Пісьмянкова, паэта, які так аддана любіў свой край, сваю родную зямлю і так шчыра жадаў, каб усе людзі былі шчаслівыя...
Свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” уключае ў сябе шмат напрамкаў. Гэта не толькі конкурс маладых паэтаў Магілёўшчыны і бардаў, гэта тэматычныя і літаратурныя выставы, выстава майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатральныя сустрэчы і літаратурныя чытанні, канцэрты фальклорных і вакальных калектываў.
У рамках свята праводзяцца:
- конкурс паэзіі сярод самадзейных паэтаў ад 13 да 30 гадоў;
- конкурс аўтарскай песні сярод аўтараў вершаў і музыкі, аўтараў-выканаўцаў уласных твораў, выканаўцаў песень мясцовых аўтараў – салісты, дуэты, трыа, квартэты, ансамблі;
- конкурс выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;
- конкурс літаратурных выстаў бібліятэк “Літаратурнае падарожжа па старонках пісьменства роднага краю”.
Акрамя таго, праводзяцца паэтычныя чытанні, тэматычныя канцэрты, літаратурна-музычныя кампазіцыі, вечар паэзіі і музыкі “Крыніцы душы”, арганізуецца работа інтэрактыўнай літаратурнай пляцоўкі, дзе праходзіць бліц-конкурс мастацкага чытання і выканання аўтарскай песні сярод гдедачоў і гасцей свята, тэатральнай пляцоўкі “У далонях маёй Беларусі”, аматарскіх тэатральных калектываў і іншае.