Міжнародны форум
Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”
Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” праводзіцца ў горадзе Магілёве адзін раз у два гады з 2012 гада. У розныя гады ў форуме прымалі ўдзел прадстаўнікі больш за 20 краін блізкага і далёкага замежжа: Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Балгарыі, Румыніі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Арменіі, Славакіі, Галандыі, Турцыі, Францыі, Італіі, Кітая, Польшчы, Казахстана, Узбекістана, Кыргыстана і іншых краін.
Арганізатарамі міжнароднага форума з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, установа культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
Форум з’яўляецца ўнікальнай не толькі для Магілеўшчыны, але і Беларусі міжнароднай пляцоўкай па абмене вопытам работы па захаванні і актуалізацыі традыцыйнай культуры, вызначэнні стратэгій падтрымкі і развіцці традыцыйнай культуры, ролі органаў кіравання і ўстаноў культуры па захаванні, ахове і трансляцыі каштоўнасцяў традыцыйнай культуры, пошуку шляхоў міжнароднага супрацоўніцтва ў дадзеным накірунку.
Традыцыйна ў форуме прымаюць удзел навукоўцы і спецыялісты ўстаноў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца вывучэннем і захаваннем традыцыйнай культуры, кіраўнікі і спецыялісты дзяржаўных органаў кіравання; кіраўнікі і ўдзельнікі фальклорных і аўтэнтычных калектываў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і іншыя.
Абавязковым для форума з’яўляецца правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, тэма якой вызначаецца штогод. У розныя гады тэмамі канферэнцыі сталі: “Песенная і танцавальная фальклорная спадчына: ад традыцый да сучаснасці”, “Традыцыйная культура: ахова, захаванне, актулізацыя”, “Каштоўнасці традыцыйнай культуры і міжнародныя іміджавыя стратэгіі”, “Фальклорныя і абрадавыя традыцыі як аўтэнтычная праява багаццяў лакальных культур”, “Традыцыйная культура і фальклорная спадчына ў сучаснай культурнай прасторы”, “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: ад вытокаў да сучаснасці” і інш.
Акрамя таго, у рамках форума праводзяцца: прэс-канферэнцыі, канцэрты, выставы, майстар-класы творчых калектываў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва Рэспублікі Беларусь і краін-удзельніц форума, выезды ў рэгіёны Рэспублікі Беларусь і Магілёўскай вобласці па азнаямленні з вопытам работы ўстаноў культуры і мастацтваў па захаванні традыцыйнай культуры.
За гады правядзення форума яго ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з культурнай спадчынай Магілёўшчыны: сямейна-радавой абраднасцю, святамі народнага каляндара, творчасцю фальклорных і аўтэнтычных калектываў, аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
А таксама з вопытам замежных краін: творчасцю аматарскага творчага калектыва “Зарянка” з г. Вагенінгена з Галандыі, творчасцю майстра па вырабе пастырскіх народных музычных інструментаў, які прадстаўляў фонд садружнасці “Славица” са Славацкай Рэспублікі, выставай ручнікоў “Таямнічы ручнік”, якую прадстаўляў Польскі Інстытут у Мінску, Падляшскі Музей у Беластоку, установа культуры Подляшского ваяводствы.
Форум з’яўляецца яркім сведчаннем неабходнасці стымулявання пастаяннага міжкультурнага і міждзяржаўнага дыялогу, арыентаванага на пошук аптымальнай мадэлі суіснавання розных этнасаў і культур на сучасным этапе.