Дзівакі
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні і музыкі “Дзівакі” раённы Цэнтр культуры і вольнага часу дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”
Народны ансамбль народнай песні і музыкі “Дзівакі” быў створаны ў 1996 годзе на базе Дома культуры СПААТ “Кровля”. У 2002 годзе Пастановай прэзідыума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ансамблю прысвоена найменне “народны”. З 2008 года сваю дзейнасць ансамбль прадоўжыў на базе раённага Цэнтра культуры і вольнага часу.
На працягу многіх год кіраўніком ансамбля была Пінчук Ала Яўгенаўна, якая зараз з’яўляецца канцэртмайстрам ансамбля.
З 2022 года ансамбюлем кіруе Кузьміч Вераніка Валенцінаўна – натура творчая, прафесіянал сваёй справы, якая робіць усё, каб калектыў развіваўся, вывучаў, захоўваў і прымнажаў традыцыі беларускага народа.
У складзе калектыву 21 чалавек – аматары і прафесіяналы вакальнага, харэаграфічнага і музычна-інструментальнага жанру, узрост якіх ад 27 да 62 гадоў.
Аснову рэпертуару складаюць беларускія народныя песні, якія выконваюцца трох- і чатырохгалосна з элементамі харэаграфіі ў суправаджэнні ансамбля народных інструментаў (баян, скрыпка, цымбалы, кантрабас, барабан), што надае калектыву асобую маляўнічасць.
Калектыў вядзе насычаную творчую дзейнасць, выязджае з канцэртнымі праграмамі ў клубныя ўстановы і арганізацыі раёна, удзельнічае ў мерапрыемствах раённага Цэнтра культуры і вольнага часу. З’яўляецца актыўным удзельнікам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, раённых фестываляў і свят.
Ансамбль неаднаразова выступаў за межамі Рэспублікі, прапагандуючы народную культуру Беларусі ў Славакіі, Чэхіі, Латвіі, Італіі.
Двойчы ансамбль прымаў удзел у тэлеперадачы “Спявай, душа”.
Ансамбль удзельнічаў у рэспубліканскім свяце “Дажынкі” у аграгарадках Мышкавічы і Шклоў, горадзе Бабруйску, у днях Беларусі ў г.Маскве, днях Магілёўскай вобласці ў г.Мінску, выступаў на ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 60-годдзю Перамогі ў г.Магілёве, удзельнік рэспубліканскага свята “Дзень беларускай пісьменнасці” у г. Быхаве, абласным аглядзе-конкурсе ваенных аркестраў г.Мар’іна-Горка, Міжнароднай аграпрамысловай выставе “БелАгра-2015” г.Мінск, V Міжнародным форуме “Традиционная культура, как стратегический ресурс устойчивого развития общества” г.Магілёў, абласным творчым праекце “Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны” г.Магілёў.
Цесныя творчыя сувязі наладжаны калектывам з духавым аркестрам вайсковай часці 12147 – развучваюцца сумесныя мастацкія нумары, праводзяцца тэматычныя канцэрты, разам прымаюць удзел у фестывалях, конкурсах: выступалі на рэспубліканскім фестывалі-конкурсе песні ДАСААФ “Воину-победителю поём мы славу” у г.Мінску, XXII тэлевізійным фестывалі армейскай песні “Звезда” г.Мінск, удастоены Дыплома Лаўрэата прэміі “Гран-пры”.
Энтузіязм і зацятасць удзельнікаў ансамбля, жаданне дарыць людзям радасць і прыгажосць народнай песні, заліхвацкія танцы, вясёлыя найгрышы – зрабілі творчы калектыў жаданым госцем ва ўсіх раённых і ў многіх абласных і рэспубліканскіх творчых праектах і мерапрыемствах.
Народны ансамбль народнай песні і музыкі “Дзівакі” заўсёды здзіўляе гледачоў сваім высокім майстэрствам, мастацкім узроўнем і цікавымі творчымі пастаноўкамі.