Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны аркестр рускіх народных інструментаў установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў”
.jpeg)
Аркестр рускіх народных інструментаў установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў” створаны ў 1956 годзе. У 2000 годзе аркестру прысвоена найменне “народны”. Больш за трыццаць гадоў аркестрам кіраваў народны артыст Беларусі, прафесар Леанід Леанідавіч Іваноў, а з 1995 года па цяперашні час працягвае і развівае лепшыя традыцыі калектыву Алена Васільеўна Цыганок.
Народны аркестр рускіх народных інструментаў – гэта ўнікальны творчы калектыў, які займае асаблівае месца ў музычным жыцці Магілёўшчыны і рэспублікі ў цэлым. Выканальніцкі ўзровень удзельнікаў калектыву характарызуецца высокім прафесіяналізмам, віртуознасцю выканання і яркім самабытным каларытам. Пералічаныя якасці даюць магчымасць кіраўніку калектыву рэалізоўваць вялізную колькасць творчых праектаў, у тым ліку і сумесна з мэтрамі айчыннага музычнага мастацтва.
Калектыў прымаў ўдзел амаль ва ўсіх фестывалях і конкурсах, якія праводзіліся ў рэспубліцы, у шматлікіх усесаюзных фестывалях народнай творчасці, у якіх удастойваўся званняў лаўрэата і іншых узнагарод. Выступаў з канцэртамі ў Польшчы, Балгарыі, на ВДНГ у Маскве, канцэртаваў у Ленінградзе, Чарапаўцы, Волагдзе.
Народны аркестр рускіх народных інструментаў – адзін з вядомых і лепшых калектываў Магілёўшчыны, які ўжо больш за паўстагоддзя з’яўляецца годным прадстаўніком яе музычнай культуры.
У перыяд з 2020 па 2023 гг. народны аркестр рускіх народных інструментаў з’яўляецца штогадовым уздельнікам урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада, Дню Незалежнаці Рэспублікі Беларусь, фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, а таксама важных мерапрыемстваў і канцэртаў каледжа: праэкт “Музычныя вечары на Вялікай Садовай”, справаздачны канцэрт “Творчасць! Дасягненне! Поспех!”.
Высокі прафесійны ўзровень аркестравага калектыву быў адзначаны на розных фестывалях і конкурсах. Так калектыў з’яўляецца лаўрэатам сямі рэспубліканскіх конкурсаў аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь; шматразовым лаўрэатам фестывалю “Студэнцкая вясна”; лаўрэатам II ступені Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”.
У 2022 годзе народны аркестр рускіх народных інструментаў атрымаў прэмію і званне дыпламанта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (г. Мінск, Рэспубліка Беларусь).
Высокі прафесіяналізм кіраўніка аркестра Цыганок А.В. і яго ўдзельнікаў садзейнічаюць умацаванню творчага аўтарытэту калектыву. На працягу ўсяго перыяду працы Цыганок А.В. вылучаюць мэтанакіраванасць, наватарскі падыход і пастаянны пошук новых музычных сродкаў выразнасці і эмацыйнага ўздзеяння на слухачоў.
У цяперашні час калектыў працуе над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, які спрыяе захаванню, развіццю і прапагандзе лепшых дасягненняў народнага мастацтва і сусветнай класікі. Актыўнае канцэртнае жыццё аркестра, яго яркае самабытнае майстэрства і беражлівае захаванне нацыянальных традыцый садзейнічаюць прагрэсіўнаму развіццю беларускага выканальніцкага мастацтва.