МАЛАДЗІК
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор народнай песні “МАЛАДЗІК” установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў”
Народны хор народнай песні “МАЛАДЗІК” установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў” быў створаны ў 1990 годзе.
З 1990 па 2007 год кіраўнік хору – Вольга Аляксееўна Кандраценка, арганізатар калектыву, таленавіты настаўнік з вялікім творчым патэнцыялам. Ужо на ранніх этапах стварэння, творчасць харавога калектыву хвалявала сваёй навізной, непасрэднасцю і самабытнасцю. З 2007 па 2010 хорам кіруе Ганна Іванаўна Астраушка – малады і ініцыятыўны выкладчык. У 2010/2011 навучальным годзе – кіраўнік хору Зузіна Паліна Аляксандраўна. З 2011 па цяперашні час хорам кіруе выпускніца каледжа Прохарава Наталля Пятроўна.
За творчае развiцце нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную дзейнасць у 1999 годзе калектыву прысвоена найменне “народны”.
Хор – выдатная школа для падрыхтоўкі будучых кіраўнікоў народных харавых калектываў і фальклорных ансамбляў. Штогод выступаючы на дзяржаўных экзаменах, калектыў пастаянна дэманструе добры прафесійны ўзровень падрыхтоўкі. Выконваемыя народным хорам праграмы адрозніваюцца асобым каларытам, артыстызмам, яркасцю і тэатральнасцю.
Рэпертуар хору шырокі і разнастайны. Побач з арыгінальнымі хорамі рускіх і беларускіх кампазітараў, калектыў выконвае апрацоўкі народных песень, многія з якіх нарадзіліся на Магілёўскай зямлі, аўтэнтычны фальклор розных часоў. Праграма хору напоўнена песеннымі, танцавальнымі і інструментальнымі нумарамі, ствараючы яркае і маляўнічае відовішча.
Асаблівасцю калектыву стаў няспынны пошук свайго шляху да слухачоў. Мэта творчай дзейнасці калектыву – сабраць разам усё лепшае, што ёсць у скарбніцы беларускай музычнай культуры і даць ёй новае сцэнічнае жыццё. Папулярызацыя беларускай народнай песні – адзін з прыярытэтных накірункаў у рабоце народнага хору.
Нязменнай традыцыяй апошніх гадоў стала правядзенне справаздачных канцэртаў калектыву, якія прыцягваюць вялікую колькасць спецыялістаў і аматараў музыкі.
Яркую разнастайнасць у выкананне канцэртных праграм уносяць харэаграфічныя пастаноўкі, над якімі ў розныя часы працавалі вопытныя балетмайстары, такія як С.М.Барадзін і Заслужаны артыст Украіны А.І.Іваноў.
Вялікую дапамогу ў стварэнні мастацкага вобраза надае ансамбль суправаджэння – народны ансамбль народнай музыкі “Лянок” пад кіраўніцтвам творча адораных выкладчыкаў і майстроў М.К.Старасціна (да 2008 г.) і У.Г.Сянькова (2008-2016 гг.). З 2016 г. ансамблем кiруе А.М.Ганчароў. У склад ансамбля ўваходзяць такія інструменты, як скрыпка, цымбалы, флейта, баян, кантрабас (або бас-гітара), ударныя інструменты, якія сваімі разнастайнымі тэмбрамі дазваляюць атрымаць яркае гучанне ў песнях розных жанраў і напрамкаў.
Народны хор прымае актыўны ўдзел у гарадскіх і абласных мерапрыемствах, аб гэтым сведчыць вялікая колькасць канцэртаў, якія праходзяць з вялікім поспехам.
Вельмі адказным мерапрыемствам з удзелам хору стаў канцэрт да Выбарыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2010 г.).
Разам з іншымі калектывамі нашай вобласці хор удзельнічаў у Рэспубліканскім свяце-конкурсе вакальна-харавых калектываў, прысвечанным 100-годдзю з Дня нараджэння Г.І.Цітовіча. Ужо стала добрай традыцыяй выступленне калектыву на шматлікіх мерапрыемствах, якія праходзяць у музеях нашага горада: “Галасы роднай зямлі”, Сусветны Дзень музеяў, канцэрт на Вялікдзень і г.д. Нельга абысці ўвагай і шмат гарадскіх мерапрыемстваў з удзелам хору: урачыстыя сходы прадстаўнікоў працоўных калектываў па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця г. Магілёва.
Яркiмi i адметнымi з’яляюцца выступленнi хору ў гарадскiх i абласных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, а таксама ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных cтварэнню горада Магiлёва.
Адметнай падзеяй у канцэртным жыцці хору з’яўляецца ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2012” (г. Горкі), а таксама штогоднія выступленні ў абласных “Дажынках”.
Штогод хор удзельнiчае ў рэспублiканскiм свяце, прысвечаным Дню Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь.
Таксама нельга абысці ўвагай удзел хору ў Рэспубліканскім свяце “Харавое веча”, якое адбылося ў Мінску (верасень 2017 г.), канцэрт да 80-годдзя Магілёўскай вобласці (люты 2018 г.), канцэрт да 85-годдзя Магілёўскай вобласці (люты 2023, г.).
Урачыстай традыцыяй стаў удзел хору ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню народнага адзінства.
Адметнай падзеяй стаў удзел у творчым праекце “Музыкой едины” з канцэртнай праграмай “Симфония дружбы” (г. Пскоў) i ўдзел у Гала-канцэрце VIII фестывал. выканаўцаў на рускiх народных iнструментах iмя Заслужанага работнiка культуры Расii В.А. Iгонiна (2023 г., г. Санкт-Пецярбург).
Традыцыйнай летняй падзеяй стаў удзел калектыва ў Рэспублiканскiм свяце “Купалле“ (“Александрыя збірае сяброў”) (аг.Александрыя).
Творчая дзейнасць народнага калектыву накіравана на захаванне нацыянальнага мастацтва, развіццё і асэнсаванне яго традыцый і сучаснага стану, а таксама садзейнічае духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення.
Народны хор народнай песні “МАЛАДЗІК” у 2024 годзе быў адзначаны спецыяльным прызам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячаў” за прафесійнае майстэрства і вернасць нацыянальным выканальніцкім традыцыям.