Вязанка
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”
Ансамбль “Вязанка” быў створаны ў 1986 годзе. Найменне “народны” атрымаў у 2000 годзе. У складзе ансамбля 13 чалавек, узрост удзельнікаў калектыву ад 33 да 62 гадоў. Кіраўнікі – Белахвост Алена Станіслаўна і Забаўская Ірына Пятроўна, якія працуюць з 2009 года.
На пачатку творчай дзейнасці калектыў выконваў песні розных жанраў і быў апрануты ў стандартныя фабрычныя народныя строі. Пасля шматгадовых творчых пошукаў пачалі схіляцца да традыцыйнага фальклору, традыцыйных спеваў, традыцыйных абрадаў. Удзельнікі ансамблю таленавітыя людзі, сярод якіх майстры ігры на цымбалах, барабане, гармоніку, акардэоне, дудачцы, таму было вырашана стварыць капэлу музыкантаў. Адшукаўшы ў адной з вёсак Асіповіцкага раёна аўтэнтычны барабан, удзельнікі ансамблю рэстаўрыравалі яго, набылі цымбалы і гармонікі і пачалі развучваць інструментальныя творы і рыхтаваць праграму традыцыйных танцаў.
У 2012 годзе пад час падрыхтоўкі абрада “Вяселле” зразумелі, што да пэўных песень і абрадавых дзеянняў такое адзенне не пасуе. Азнаёміліся з фондамі краязнаўчых музеяў у Клічаве, Пухавічах, Бабруйску, Беразіно, Дараганаве, фатаздымкамі Ісака Сербава 1911 года, зробленымі ў Асіповіцкім раёне. На аснове знойдзеных узораў былі вывучаны асаблівасці вышыўкі і крою мясцовых строяў. Пачалася работа па рэканструкцыі мясцовага традыцыйнага строю, якая падштурхнула да стварэння пры Вяззеўскім Доме культуры Майстэрні традыцыйнага строя, а пасля Мастэрні традыцыйнага рукадзелля “Пасажніца”, якой кіруе Ірына Забаўская. Самаруч удзельніцамі ансамбля пашыты 11 жаночых і два мужчынскіх строі. Мясцовы майстар Якаў Ядлінскі змайстраваў бердзечка, на якім Ірынай Забаўскай вытканы паясы для ўдзельнікаў ансамбля. З 2015 года ансамбль выступае ў новых строях, работа па ўзнаўленню якіх працягваюцца да цяперашняга часу.
Зараз галоўны напрамак дзейнасці ансамбля – захаванне мясцовай традыцыйнай культуры. Удзельнікамі ансамбля “Вязанка” падрыхтаваны канцэртныя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні, абрады на аснове аўтэнтычных узораў фальклору рэгіёна. У рэпертуары народнага ансамбля “Вязанка” беларускія народныя песні, вясельныя, радзінныя, калядныя, веснавыя, купальскія, жніўныя песні, якія выконваюцца многагалосна ў суправаджэнні народных інструментаў (дуда, гармонік, акардэон, цымбалы, барабан) і a cappella. Акрамя песеннага матэрыялу, ансамблем развучаны і выконваюцца мясцовыя традыцыйныя бытавыя танцы – “На рэчаньку”, “Каханачка”, “Млынок”, “Сямёнаўна”, “Нажнічкі” і інш. Ансамбль праводзіць вечарыны “Танчым па-даўнейшаму”, “Месцечковыя забавы” з мясцовымі традыцыйнымі песнямі, танцамі і гульнямі.
Усе гэтыя традыцыі пераймае дзіцячы калектыў-спадарожнік “Шчодрыкі” Вяззеўскага сельскага Дома культуры. Дзяўчаткі таксама пяюць, танчаць і з цікавасцю вучацца традыцыйнаму майстэрству рукадзелля – ствараюць сабе строі.
Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. У год праводзіцца больш за дваццаць пяць канцэртных выступленняў на пляцоўках Асіповіцкага раёна і за яго межамі. Канцэртныя праграмы складаюцца з улікам даты выканання і прытрымліваюцца народнага календара.
Калектывам падрыхтаваны калядны абрад “Шчадроўкі”, абрад “Юр’е”, траецкі абрад “Кумленне”, купальскі абрад, вясельны абрад “Тры рушнікі”. У вясельным абрадзе ўдзельнічаюць маладыя, якія спецыяльна запланавана прыязджаюць у Вяззеўскі СДК.
Кожны год ансамбль рыхтуе вялікую калядную праграму – заўсёды прымае ўдзел у раённым свяце народных традыцый “Шчадроўкі”, у аграгарадку Вяззе штогод ладзяцца калядныя прадстаўленні ансамбля.
Ансамбль “Вязанка” неаднаразова прымаў удзел у здымках перадачы “Наперад у мінулае” тэлеканала “Беларусь 3” з абрадам “Шчадроўкі”, з адроджаным у 2017 годзе абрадам “Юр’е”, абрадам “Вяселле”.
Народны ансамбль народнай песні “Вязанка” з’яўляецца актыўным ўдзельнікам розных раённых, абласных, міжнародных фестываляў і культурных мерапрыемстваў – V Міжнародны фальклорны фестываль “Деснянский хоровод” п.Суземка, Бранская вобласць (Расія), Міжнародны форум “Традыцыйная культура, як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” г.Магілёў, свята фальклорнага мастацтва ў рамках V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі “Судружество традиций” г.Магілёў, V рэгіянальны конкурс аграгарадскіх святочных традыцый “Сароцкі навігатар” у аграгарадок Сарочы Любанскага раёна, I адкрыты фальклорны фестываль “Вытокі” г.Асіповічы, абласныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю БССР г.Магілёў, Міжнародны фальклорны фестываль “Skamba skamba kankliai” г.Вільнюс (Літва), рэспубліканскі фестываль “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) аграгарадок Александрыя, народнае беларускае свята “Купалье” Новамаскоўскай адміністрацыйнай акругі г.Масквы (Расія).
Кожны год з абрадавай і канцэртнай праграмай калектыў удзельнічае у раённым свяце “Дажынкі”, неаднаразова прымаў удзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі”.
У 2022 годзе ансамбль падцвердзіў найменне “народны”. У 2023 годзе ансамбль працягвае сваю творчую дзейнасць. У 2023 годзе ансамбль прымаў удзел у святкаванні 85 годдзя Магілёўскай вобласці, г. Магілёў, ва ўрачыстым сходзе, прысвечаным ушанаванню пераможцаў раённага спаборніцтва за высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Асіповіцкага раёна за 2022 год, г.Асіповічы, у абласным свяце Засеўскі у аграгарадку Забалацце Асіповіцкага раёна, у рэгіянальным фестывалі народнай творчасці “Веснавыя колеры” у г.Асіповічы, у ХIV Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет» у г.Мінску, у Міжнароднай спецыялізаванай выставе ў рамках выставы “Белагро-2023”, г.Мінск, у XXIX Международным фестывалі песні і музыкі “Днепровские голоса в Дубровно”, г.п. Дуброўна, Віцебскай вобласці.
Творчы патэнцыял ансамбля, як невычэрпная крыніца песеннага, танцавальнага, абрадавага матэрыялу, які паспяхова прапагандуецца сярод насельніцтва.