хор В.Я.Балаханава
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор народнай песні імя В.Я.Балаханава дзяржаўнай установы культуры “Палац мастацтваў г. Бабруйска”
Адзін са старэйшых хораў вобласці. Створаны ў 1975 г. на базе Палаца культуры Беларускага шыннага камбіната. Стваральнікам і нязменным кіраўніком калектыва на працягу 39-ці гадоў быў Балаханаў Віктар Яўстаф’евіч, Заслужаны работнік культуры БССР, член Беларускага Саюза музычных дзеячаў. З мая 2014 г. хорам кіруе Петраков Васіль Іванавіч.
У 1981 годзе хору прысвоена найменне “народны”, у 2006 г. – званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
На сённяшні дзень хор з’яўляецца адным з вядучых калектываў Магілёўскай вобласці, які захоўвае лепшыя традыцыі харавога мастацтва.
Хору ўласціва высокае выканальніцкае майстэрства і сцэнічная культура. У калектыве займаецца 25 чалавек – працоўнікі прадпрыемстваў горада. У склад калектыва ўваходзяць жаночая і мужчынская вакальныя групы, салісты.
У рэпертуарнай скарбонцы калектыва шмат цікавых твораў рускіх, украінскіх, беларускіх кампазітараў, народныя песні ў апрацоўцы М.П.Дріневскага, М.У. Сіроты і іншых вядомых хормайстраў. Кіраўнік хору звяртаецца да творчасці паэтаў і кампазітараў Магілёўшчыны, уключае іх творы ў рэпертуар. У праграмах хору ёсць і складаныя музычныя творы: духоўны кант, беларускія абрадавыя песні.
У творчай біяграфіі калектыва шмат яркіх старонак. Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх дабрачынных акцый, святочных мерапрыемстваў горада, вобласці і рэспублікі. Калектыў прымаў удзел у цырымоніі закладкі капсулы Аляксандра-Неўскага сабора з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха всея Беларусі; Рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў г. Мядзел, агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча” ў г. Мінску.