Жытница
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” Арэхаўскага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”
Створаны ў 1991 г., дзейнічае пры Арэхаўскім сельскім Доме культуры Клічаўскага раёна. Арганізатары ансамбля – муж і жонка Ўладзімір і Алена Ваакс, кіраўніком з першага дня заснавання з’яўляецца Алена Міхайлаўна Ваакс. У 1994 г. калектыў атрымаў найменне “народны”, у 2010 г. – званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Калектыў можна назваць сямейным ансамблем: жонка Алена і муж Уладзімір Ваакс, старэйшы сын Арцём – саліст-вакаліст і скрыпач, малодшы сын Георгій – спявае і грае на музычных інструментах.
На працягу свайго існавання калектыў захоўвае, адраджае і развівае лепшыя традыцыі беларускага вакальнага і інструментальнага мастацтва. Творчасць ансамбля стала візітнай карткай не толькі Клічаўскага краю.
Інструментальны склад ансамбля разнастайны: баян, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, балалайкі, колавая рыля, бубен, барабан, губная гармоніка, беларуская дуда, акарына. Шматлікія музычныя прылады зроблены рукамі ўдзельнікаў. Выкананне старажытных беларускіх песень у аўтарскіх аранжоўках, з яркай інструментоўкай і шматгалоссем, уключэнне ў рэпертуар уласных аўтарскіх песень з’яўляюцца аднымі з галоўных адметных рыс ансамбля. У рэпертуары калектыва больш 60 музычных кампазіцый.
Ансамбль “Жытніца” падтрымлівае сувязі з беларускім грамадствам “Сябры” (г. Нарва, Эстонія), беларускім культурным грамадствам “Спадчына” (г. Вентспілс, Латвія), беларуска-эстонскім грамадствам “БЭЗ” (г. Йыхві, Эстонія), беларускім грамадствам культуры “Лёсак” (г. Талін, Эстонія), асацыяцыяй беларусаў Швейцарыі (г. Цюрых, Швейцарыя).
Наладжана супрацоўніцтва з міжнародным аб’яднаннем культурных супольнасцяў “Лира” (г. Талін, Эстонія), у якое ўваходзіць 52 грамадствы розных нацыянальнасцяў.
Ансамбль лаўрэат і дыпламант міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, пастаянны ўдзельнік маштабных мерапрыемстваў. Штогод ансамбль прымае ўдзел у больш 30-ці культурных мерапрыемствах рознага ўзроўня.