1 лістапада ў аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна прайшлі “Дажынкі”

На Кругляншчыне завяршылася галоўная сельскагаспадарчая кампанія – уборка ўраджаю. Хлеб для беларусаў – вялікае багацце. Ён аб’ядноўвае цэлыя пакаленні на працягу многіх стагоддзяў. Надышоў час падзякаваць хлебаробам і ўсім вяскоўцам за тое, што на нашых сталах будзе хлеб.
Афіцыйная частка мерапрыемства пачалася з параду пераможцаў раённага спаборніцтва ўдзельнікаў уборкі ўраджаю. Усіх іх цёпла віталі кіраўніцтва раёна, госці, мясцовае насельніцтва. Асноўнае дзеянне праводзілася ў зале сельскага Цэнтра культуры, яно пачалося з вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі “Дажыначкі” ў выкананні народнага калектыву “Крынічанька", вакальнага ансамбля “Сударушка” і харэаграфічнага калектыву “Кураж”.
Галоўную частку мерапрыемтсва адкрыў старшыня райвыканкама Сцяпан Іванавіч Палоннікаў, які шчыра павіншаваў усіх прысутных са святам. Прыемна адзначыць, што радасць круглянцаў прыехалі раздзяліць дэлегацыі суседніх раёнаў: Магілёўскага, Бялыніцкага, Крупскага і Талачынскага раёнаў.
Пад цёплыя апладысменты зала ўшаноўваліся пераможцы “Жніва – 2019”. Цікава прайшоў абрад “Багіні жніва”, які пачаўся з запрашэння кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на сцэнічную пляцоўку. Кожнаму з кіраўнікоў уручыўся дажынкавы сноп. Праводзіліся абрадавыя дзеянні, каб у наступным годзе збожжавая ніўка была яшчэ больш шчодрай на ўраджай. Завяршыўся абрад уручэннем пераходзячай лялькі ў вобразе “Багіні жніва на баране” кіраўніку гаспадаркі – лідару па выніках уборкі ўраджаю 2019 г. – Д.У. Жуйкову. Таксама на свяце былі падведзены вынікі раённага конкурсу “Лепшае вясковае падвор`е маладой сямьі”.
Перад пачаткам свята ўсе змаглі ацаніць размешчаныя на плошчы перад сельскім Цэнтрам культуры сельскагаспадарчыя падворкі сельскіх устаноў культуры, Дамоў рамёстваў, раённага краязнаўчага музея, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтра дзіцячай творчасці “Вясёлка”. На працягу свята таленавітыя самадзеяныя артысты Кругляншчыны дарылі свае лепшыя нумары. Завяршылася маштабнае мерапрыемства песняй “Дажыначкі” ў выкананні народнага ансамбля “Вераснянка”. Гонар і слава вам, хлебаробы!







Ківель В.Ф., загадчык аддзела культурна-дасугавай дзейнасці