11-12 мая прайшло выязное пасяджэнне Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці
Савет з’яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным экспертным і кансультатыўным органам, які створаны і функцыянуе пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
У склад савета ўвайшлі: Чэрнік В.М., намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, іншыя прадстаўнікі Міністэрства культуры, якія курыруюць клубныя ўстановы і развіцце народнай творчасці, а таксама кіраўнікі, навукоўцы, спецыялісты абласных цэнтраў народнай творчасці, грамадска-культурнага цэнтра, рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, ДУК «Мінскканцэрт», дзяржаўных устаноў культуры «Інстытут культуры Беларусі» і «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры i мастацтваў», рэдакцыі газеты «Культура».
Старшынёй савета з’яўляецца Хмялькоў Алег Фёдаравіч, дырэктар установы культуры «Магілёўскі абласны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы».
Савет створаны з мэтай удасканалення каардынацыйных працэсаў у сферы арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва і народнай творчасці, аказанне метадычнай дапамогі дзейнасці клубам, садзейнічанне развіццю народнай творчасці.
Функцыі савета дастаткова разнастайныя: вызначэнне стратэгіі дзейнасці абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і ўстаноў, якія выконваюць іх функцыю, выпрацоўвае прынцыпы і механізмы іх ўзаемадзеяння; ажыццяўленне падрыхтоўкі прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства аб культуры ў частцы рэгулявання клубнай дзейнасці і народнай творчасці; распрацоўка прапановы па выкарыстанні і развіцці станоўчага вопыту клубнай дзейнасці і народнай творчасці; садзейнічанне ў рэалізацыі найбольш значных творчых ініцыятыў, рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных праектаў па развіцці сацыякультурнай дзейнасці і народнай творчасці і іншыя.
Пасля адкрыцця пасяджэння намеснікам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Чэрнікам В.М., была абмеркавана сучасная нарматыўна-прававая прастора дзейнасці клубных устаноў, абзор якой зрабіла Задзяркоўская Н.І., начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Актыўна прайшло абмеркаванне Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, у ходзе якога старшынёй савета Хмяльковым Алегам Фёдаравічам было прапанавана распрацаваць метадычныя рэкамендацыі для клубаў па асобных пытаннях арганізацыі работы клубных фарміраванняў і вядзенню рабочай дакументацыі, для далейшага зацвярджэння Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Важнай часткай дзейнасці клубных устаноў з’яўляецца арганізацыя і правядзенне фестывальных мерапрыемстваў, таму на пасяджэнні ўдзельнікі абмяняліся думкамі наконт удзелу творчых калектываў клубных устаноў і майстроў рэгіёнаў краіны ў асноўных мерапрыемствах 2017 года.
Вайцяхоўская Р.І., намеснік старшыні рэспубліканскага савета, дырэктар ДУК «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» прапанавала абмеркаваць пытанне святкавання 80-гадовага юбілею з дня стварэння абласных цэнтраў народнай творчасці, якое будзе адзначацца ў 2019 годзе.
Акрамя гэтага на пасяджэнні былі абмеркаваны і зацверджаны палажэнне аб Рэспубліканскім савеце і план работы савета на 2017 год.
Дырэктарам установы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» Шамшэня М.І. была зроблена прэзентацыя дзейнасці клубных устаноў Гомельскай вобласці ў аспекце сучасных патрабаванняў да культурных паслуг. Пасля гэтага ім было прапанавана пазнаёміцца з вопытам работы ўстаноў культуры некалькіх рэгіёнаў Гомельскай вобласці.
Удзельнікі пасяджэння наведалі старажытны горад Тураў, дзе азнаёміліся з яго культурнымі каштоўнасцямі – знакамітымі каменнымі крыжамі, наведалі гісторыка-археалагічны комплекс «Старажытны Тураў», прынялі ўдзел у традыцыйным святочным мерапрыемстве «День памяти святителя Кирилла, епископа Туровского».
Потым пазнаёміліся з сацыякультурным жыццём Жыткавіцкага раёна, вопытам работы Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
Наведванне аграгарадка Ляскавічы, дало яскравае прадстаўленне аб «вёсцы будучыні», ва ўсіх красотах дало ўяўленне аб прыгажосці Палесся. У Ляскавічах удзельнікі пасяджэння наведалі Ляскавіцкі Цэнтр культуры і вольнага часу, які прэзентаваў свой вопыт работы і творчыя калектывы. Потым удзельнікі наведалі турыстычны аб’ект «Музей природы». Ляскавічы знаходзяцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», які з’яўляецца ўнікальным спалучэннем прыроднай, культурнай і гістарычнай спадчыны.
У другі дзень пасяджэння наведалі г. Мозыр, дзе пазнаёміліся з асаблівасцямі работы гістарычнага цэнтра «Мозырскі замак», Дома культуры Мозырскага нафтапераапрацоўчага камбіната, наведалі музей народнай культуры «Палеская веда», сталі ўдзельнікамі прэзетацыйнай праграмы «Культурныя каштоўнасці і традыцыі Мозырскага раёна», якую прадстаўляў Руднянскі сельскі Дом культуры.
Вялікі інтарэс вызвала наведванне Чабатовіцкага дома-музея. Спецыялістамі ўстановы праведзена вялікая работа па збору матэрыялаў побыту беларусаў розных перыядаў. Акрамя прадметаў побыту, сабраны багаты песенны матэрыял, адноўлены шлюбны абрад, які прапаноўваецца цяперашнім маладым людзям пры ўступленні ў шлюб.
Пасяджэнне было вельмі карысным як у плане прыняцця канструктыўных рашэнняў, важных для абласных метадычных цэнтраў і ўстаноў, якія выконваюць іх функцыі, а таксама ў плане абагачэння вопыту работы.
Рашэнні прынятыя саветам будуць прадстаўлены ва ўпраўленне ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Валчкова В.І., начальнік аддзела УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР»