12 ліпеня ў аграгарадку Каменка Чавускага раёна адбылося V раённае свята «Пятроўскія радасці»

Пятроўская сіла па зарам хадзіла,
Усіх будзіла, Івана забыла,
Уставай маладзец, выхадзі на крылец,
Пятра велічаць, Паўла праслаўляць.
Свята апосталаў Пятра і Паўла здаўна вядома ў народзе пад імем «Пятроў дзень», «Пятроўка» або «Пятровіца». З ім звязана шмат звычаяў і павер’яў, уключаючы канчатак Пятрова паста і пачатак вяселляў. Як вынікае з фальклорных крыніц, у народзе Святы Пётр надзяляецца рысамі і клопатамі селяніна-земляроба, чалавека зямлі.


Дзень Пятра і Паўла — старажытнае земляробчае свята, якое заканчвае летні цыкл святкаванняў. Акрамя святочных частаванняў, гульняў і карагодаў, дзень Пятра распачынаў вялікі цыкл сельскагаспадарчых работ.
Сваю абрадавую праграмму ў адкрыцці свята прадэманстравалі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Раніца» Каменскага сельскага дома народнай творчасці, якія на плацоўку завіталі з абрадавым спевам, трымаючы ў руках атрыбуты сенажаці. У аграгарадку Каменка на свята Пятра і Паўла кумы хадзілі адзін да аднага ды куміліся. А яшчэ гатавалі Пятроўскую кашу – Саламату. Каша з пшана, запраўлена шкваркамі, надае сілу, здароўе і чысціню думак. Гатуецца яна ў вялікім чугуне на ўсю вёску. Лічылася што такая каша, калі з ёй абыйсці зернавыя палі, аберагала іх ад заломаў і палегласці. Гэтыя моманты былі ўключаны ў абрад, пачаставалі прысутных саламатай, а затым усіх удзельнікаў свята ансамбль запрасіў ў Пятроўскі карагод.
У рамках свята традыцыйна прайшлі конкурсы сярод арганізацый і прадпрыемстваў раёна «Пятроўскі вянок», «Пятроўская юшка» і «Пятроўскія дранікі».


Свае «Пятроўскія вянкі» канкурсанты дэманстравалі на галоўнай пляцоўке свята. Іх у гэтым годзе было 10. Вянок павінен быць у дыяметры не больш за 30 см. і мець 12 траў. Так па рашэнню экспретнай групы самым лепшым «Пятроўскім вянком» прызнан вянок культурна-спартыўнага цэнтра аграгарадка Вусце дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна». 2 месца падзялілі паміж сабой калектывы Дужаўскага сельскага Дома народнай творчасці, Каменскага сельскага Дома народнай творчасці, Гарбавіцкай сярэдняй школы і Чавускай цэнтральнай раённай бальніцы. Дыплом ІІІ ступені атрымаў калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г. Чавусы».

Конкурсы на лепшую «Пятроўскую юшку» і «Пятроўскі дранік» адбыліся на абсталяваных падворках канкурсантаў. Самая смачная «Пятроўская юшка» сярод 15 канкурсантаў аказалася ў калектыва ДЛГУ «Чавускі лясгас». 2 месца экспертная група аддала калектыву ДУА «Дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Чавусы». Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджан калектыў Ваўкавіцкага сельскага Савета.


Конкурс «Пятроўскія дранікі» праводзіцца на свяце з 2022 годзе, калі дадзены элемент ўнесен у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, дзеля парулярызацыі стравы. У Чавускім раёне знакамітымі з’яўляюцца дранікі і бульбяныя аладкі, а на тэрыторыі Каменскага сельскага Савета, дзе праходзіць свята, яшчэ і дзеруны. Так, сярод 12 канкурсантаў, якія вырашылі здзівіць экспертную групу, самыя лепшыя «Пятроўскія дранікі» атрымаліся ў калектыва Каменскага сельскага Дома народнай творчасці і Вусценскай сельскай бібліятэкі. Дыплом ІІ ступені атрымала носьбіт дадзенага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны – Шчарбянкова Святлана Уладзіміраўна, загадчык Антонаўскага сельскага Дома народнай творчасці. 3 месца падзялілі паміж сабой калектывы ЦБУ № 620 у г. Чавусы ААТ «Белаграпрамбанк» і раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна».

Спецыяльным дыпломам «Самы лепшы падворак» узнагароджан калектыў Гарбавіцкага сельскага Савета, які падыйшоў крэатыўна-інтэрактыўна да абсталявання свайго падворка.

Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна»