12 сакавіка на базе раённага Дома культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна» адбыўся другі конкурсны этап абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі»
У Чэрыкаве свае тэатральныя пастаноўкі прадэманстравалі 9 аматарскіх тэатральных калектываў. Калектывы паклапаціліся аб дэкарацыях і рэквізіце – аснове любога тэатральнага прадстаўлення.
Адкрывалі конкурсны прагляд калектывы з Краснаполля. Найстарэйшы аматарскі тэатральны калектыў Рэспублікі Беларусь народны тэатр Краснапольскага раённага Цэнтра культуры прадставіў на суд журы фрагмент спектакля па п’есе вядомага беларускага драматурга Васіля Ткачова «Слуп», а юныя артысты дзіцячага тэатральнага гуртка «Маскарад» запрасілі гледачоў паўдзельнічаць у інтэрактыўным спектаклі «Чароўны рукзачок».
Хочацца адзначыць, што спектаклі для дзяцей у тым ліку прадставілі ўзорны тэатр лялек «Вясёлка», дзіцячага аддзела Цэнтральнай раённай бібліятэкі ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Чэрыкаўскага раёна», дзіцячы тэатральны гурток «Жамчужына», Рэчыцкага сельскага Цэнтра культуры і дзіцячы тэатральны гурток «Перевоплощение», Верамейскага сельскага Цэнтра культуры, ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна».
Тэматыкі конкурсных пастановак былі даволі разнастайнымі.
Літаратурную кампазіцыю «Кола жыцця», пабудаваную па ўспамінах удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўляў народны тэатр эстрадных мініяцюр «Штрых» раённага Дома культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Шклоўскага раёна».
Народны тэатр гульні «Гарэзы» ў сваім выступе адлюстраваў гістарычныя падзеі і людзей – ураджэнцаў вёскі Саўна Клімавіцкага раёна. Вёску ў якой некалі жылі людзі, зараз актыўна адраджае яе ураджэнец Мікалай Крупінін.
Тэме Чарнобыльскай трагедыі, перасялення людзей прысвяціў свой выступ літаратурны клуб «Окрыление» раённага Цэнтра культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна», калектыў дэбютаваў на конкурсе.
Яркай акцёрскай работай у тэатральнай пастаноўцы па п’есе-камедыі Э.Піжэнка «Любви все возрасты ...» запомнілася гледачам творчая група ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна».
Завершыцца конкурсны этап абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі» 15 сакавіка на базе ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска».
Глуздоў А.М., начальнік аддзела УК «МАМЦ НТ і КАР»