16 ліпеня на полі СВК Абідавічы каля вёскі Падгорра Быхаўскага раёна адбылося свята «Зажынкі»
У гэты дзень сабраліся разам камбайнёры, кіраўнікі гаспадарак раёна, удзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры і Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў, каб яшчэ раз пакланіцца нашай зямельцы-маці. Вядучая мерапрыемства Алена Байкова прапанавала ўсім яшчэ раз верна і аддана паслужыць сваёй зямлі і хлебу, як служылі заўсёды нашы продкі. Каб кожны з нас, малы ці стары, аддаў цеплыню душы зямлі, што выпесціла збожжа.
Распачаў свята старшыня Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Марціновіч. Потым уддзельнікі мастацкай самадзейнасці выканалі абрад “Зажынкі”, пад час якога жнейкі зажалі першы сноп і перадалі яго гаспадару раёна. Прынеслі з сабой жанчыны таксама яшчэ і вянок з шырокага поля, які ўручылі гаспадару СВК Абідавічы. Гаспадару – вянок, а камбайнёрам – квасу. Пачынаць добрую справу патрэбна з Божым блаславеннем, бо карміць людзей хлебам – гэта Божая справа. Таму настаяцель Свята-Троіцкай царквы, пратаіерэй Мікалай, асвяціў камбайны і камбайнёраў. А удзельнікі народнага фальклорнага калектыва “Багатуха” праспявалі жніўныя песні.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”