16 ліпеня на збожжавым палетку адкрытага акцыянернага таварыства «Комсенічы», у раёне вёскі Прыгані, прайшоў зажыначны абрад «Залатая ніўка»
Сёлета адказная ўборачная кампанія ў гэтай гаспадарцы пачалася ўрачыста. Святочны настрой камбайнерам падарылі работнікі раённага Дома культуры. Яны правялі старадаўні абрад “Зажынкі” і праспявалі душэўныя песні з пажаданнямі высокіх намалотаў.
Тут сабраліся кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Іх гасцінна сустракаў гаспадар – дырэктар Арцём Валерыевіч Арцюкоўскі, мясцовыя камбайнёры, вадзіцелі. Са святам, з пачаткам жніва шчыра павіншаваў старшыня райвыканкама Іван Мікалаевіч Барташэвіч. А затым, як здаўна на Беларусі вядзецца, жнейкі ў нацыянальных касцюмах пачалі зажынаць першыя снапы звычайным сярпом, які дастаўся нам ад прадзедаў.
“Добры дзень табе, ніўка! Мы сёння к табе прыйшлі, сярпы ўзялі. А нажнём мы толькі адзін – першы зажыначны сноп. А потым нізка паклонімся камбайнёрам, падзякуем нашаму гаспадару”, – такімі словамі пачаўся абрад.
З адным са снапоў дзяўчаты праводзілі абрадавыя дзеянні і пад шчырыя апладысменты яго ўручылі старшыні райвыканкама. А яшчэ адзін сноп падарылі дырэктару мясцовай гаспадаркі – Арцёму Арцюкоўскаму. Не засталіся без падарункаў і непасрэдственыя удзельнікі ўборачнага канвеера – камбайнёры і вадзіцелі. Ім дасталіся важкія хлебныя караваі. Таксама зажыначныя караваі ўручаліся старшыні Круглянскага райвыканкама Івану Барташэвічу, першаму намесніку старшыні Круглянскага райвыканкама Дзянісу Кейзераву і ўсім кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
Пачэснае права першым пачаць жніво надалося лепшаму камбайнеру – Вайтовічу Аляксандру Васільевічу. У добры шлях, паважаныя працаўнікі!
Ківель В.Ф., загадчык аддзела культурна-дасугавай дзейнасці РДК