16 верасня Бялыніцкія раённыя «Дажынкі» прайшлі ў аграгарадку Іскра
Галоўныя мерапрыемствы святочнай праграмы – ушанаванне і ўзнагароджванне перадавікоў уборачнай кампаніі 2017 года, канцэрт салістаў і мастацкіх калектываў клубных устаноў раёна, прайшлі на спецыяльна аформленай пляцоўцы.
У адпаведнасці з тэматыкай была аформлена сцэна і прастора цэнтра сядзібы аграгарадка. Працавалі дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя рады, ярмарка-продаж сельскагаспадарчай прадукцыі. На іншых пляцоўках былі арганізаваны выставы і выставы-продажы работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў культуры і адукацыі раёна, а таксама прадукцыі прадпрыемстваў раёна.
Госці свята з задавальненнем наведвалі тэматычныя падворкі сельскіх саветаў: “Хлеб наш бацечка”, “Гасцінны двор”, “Ланькаўскія прысмакі”, “Гасцёўня Бульбаша”, “Дамашнія прысмакі”, “Восеньскія дары”, “Шчодрыя дары лесу”. Усіх, хто трапляў на падворкі чакалі сюрпрызы, шмат уражанняў, добры настрой. Гасцей свята частавалі хатняй каўбасой і блінамі, печанай бульбай і дранікамі, іншымі стравамі сялянскай кухні, арганізоўвалі гульні, конкурсы, праводзілі майстар-класы, пелі і танчылі разам з фальклорным ансамблем “Журавінка” Цяхцінскага СДК, вакальнымі ансамблямі “Вечарынка” Кудзінскага СДК і “Медуніца” Ланькаўскага СЦКВЧ і інш.
Святочным маршам барабаншчыц распачалася цырымонія ўшанавання і ўзнагароджвання хлебаробаў раёна, пераможцаў уборачнай кампаніі 2017 года. Са шчырымі словамі прывітання да прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка, загадчык арганізацыйна-кадравага аддзела Магілёўскага абкама праўсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Генадзь Шпакоўскі. Музычныя прывітанні хлебаробам раёна дарылі народныя калектывы раённага цэнтра культуры вакальныя ансамблі “Колеры”, “Славяне” і ансамбль народнай музыкі і песні “Бялыніцкія музыкі”, а таксама салісты Алена Кандрашонак і Уладзіслаў Каралёнак. Павіншавалі хлебаробаў і юныя артысты раённага Цэнтра культуры ўзорны харэаграфічны ансамбль “Созвездие” і ўдзельнікі дзіцячага тэатральнага гуртка.
Святочны, сонечны настрой панаваў на працягу ўсяго свята, што, безумоўна, зарадзіла ўсіх на новыя працоўныя дасягненні.
Людміла Куранкова, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна”.