19 лютага ў Быхаўскім раённым Цэнтры культуры прайшла пазнавальна-забаўляльная праграма “Гучы, родная мова”
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА. Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.
Напярэдадні свята Роднай мовы, а менавіта 19 лютага, удзельнікі тэатра гульні “Карусель” Быхаўскага раённага Цэнтра культуры правялі для вучняў трэццяга класа ДУА “Сярэдняя школа №3” пазнавальна-забаўляльную праграму “Гучы, родная мова”. Падчас якой дзеці адгадвалі загадкі, разгадвалі рэбусы, гулялі ў пазнавальныя і рухомыя гульні. Вядучыя праграмы нагадалі дзецям аб тым, што сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Хлопчыкі і дзяўчынкі разыгралі перад сваімі сябрамі беларускую казку “Курачка раба”, ролі якой выканалі экспромтам.
Падчас завяршэння праграмы дзеці ў якасці падарунка атрымалі маленькага саламянага павучка, які будзе аберагаць іх ад усякіх няўзгод.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”