22-24 верасня ў г.Слуцку адбылося III абласное свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паяс»
У рамках свята праводзілася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Народнае мастацтва і традыцыйныя мастацкія рамёствы. Вопыт актуалізацыі ў сучасным грамадстве».
Работа канферэнцыі вялася па дзвюх секцыях: секцыя агульнага характару і спецыялізаваная.
У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, ксёндз-магістр, пробашча касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк, работнікі ўстаноў культуры, адукацыі, моладзь.
Кухціна Ірына Генадзеўна, дырэктар ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г.Быхава”, выступіла з дакладам “Адраджэнне традыцыі вырабу быхаўскага саламянага павука”, прадставіўшы творчыя пошукі і свой асабісты вопыт майстра.
У складзе творчай дэлегацыі ад Магілёўскай вобласці на кірмашы рамёстваў “Рамесная слабада” прымалі ўдзел майстры з Быхаўскага і Круглянскага раёнаў. У гэты дзень Слуцк ператварыўся ў горад майстроў ткацтва, лазо- і саломапляцення, вышыўкі, ганчарства і разьбы па дрэве. Усяго ў кірмашы прынялі ўдзел больш за 500 майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з розных куткоў Беларусі.
Святы адкрываюць шырокія магчымасці для паглыблення творчых і дзелавых зносін паміж установамі культуры, спрыяюць далейшаму развіццю самабытнай культуры беларускага народа, дазваляюць рэалізоўваць перспектыўныя ідэі ў галіне нацыянальнага мастацтва, служаць добрым стымулам для далейшага творчага росту.
Глуздоў Аляксандр, начальнік аддзела УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”