23 лістапада ў аграгарадку Белая Дуброва адбылося раённае мерапрыемства “Гусінае свята”

Гэта свята – своеасаблівы брэнд Касцюкоўшчыны, гісторыя якога выйшла ўжо далёка за межы нашага раёна і дапамагае захаваць творчую самабытнасць і арыгінальнасць. Пра паходжанне свята існуе некалькі паданняў. Старыя людзі распавядаюць, што некалі вёска называлась Белая гліна, таму што ўздоўж тутэйшай рэчкі Бесядзь скрозь былі белыя гліняныя берагі, паросшыя густым сасновым борам. А некаторыя мясцовыя жыхары казалі, што ў даўнія часы жыў тут памешчык па прозвішчу Белы, а на месцы сучасных вуліц раслі непралазныя лясы, таму і называлася вёска Белая Дуброва.
Вёска Белая Дуброва месціца акурат на берагах дзвюх рэчак, таму тут спрадвеку гадавалі гусей і да гэтага часу гэтая птушка тут у пашане. Раней у гэтай мясцовасці “Гусінае свята” было папулярнае. Аднак з часам пра яго пачалі забываць. З 1996 года свята адрадзілі і штогод творчыя калектывы Беладубраўскага сельскага Дома культуры падтрымліваюць яго ў актыўным стане: гучыць “Гусінае свята” на разнастайных фестывалях, форумах і святах рознага ўзроўню.
Для таго, каб традыцыі свята жылі, каб нашы дзеці ведалі яго і перадавалі сваім дзецям у гэтым годзе ў рамках свята адбылося адкрыцце АРТ-аб’екта с аднайменнай назвай “Гусінае свята”. Шыкоўны Гусь быў устаноўлены ў цэнтральным парку аграгарадка Белая Дуброва. Ініцыятарам стварэння такога АРТ-аб’екта стаў старшыня сельскага Савета Кажамякін Мікалай Віктаравіч. У склад творчай группы па рэалізацыі праекту ўвайшлі настаўнік па маляванню Касцюковіцкай дзіцячай школы выяўленчага мастацтва Таццяна Хобатава і майстар-каваль Сяргей Курбанаў. На адкрыцці АРТ-аб’екта прысутнічалі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэту Антоненка І.А., Смолікава С.А., Максачоў В.М., Петрусевіч І.І., кіроўная справамі райвыканкама Манушэнка В.І., старшыня раённага Савета дэпутатаў Петрусевіч В.М., кіраўнікі прадпрыемств і арганізацый раёна, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі свята, ганаровы грамадзянін раёну Кісялёў У.А., ігумен Свята-Казанскай царквы Георгій, кіраўнік КСУП Заікін П.С., старшыня вескі Стральцова Л.І. і даўгавечнік вёскі Яфрэменка С.Л..
У сваім выступленні Мікалай Віктаравіч Кажамякін пажадаў усім жыхарам аграгарадку паболей радасных момантаў у жыцці, каб традыцыі свята не згасалі, а жылі сярод нашых дзяцей, каб яны імкнуліся прымнажаць славу Касцюковіцкага раёна і заўсёды з ахвотай прыязжалі на сваю малую Радзіму. Даўгавечнік вёскі Яфрэменка Соф’я Лаўрэнцьеўна ўсіх павіншавала з падзеяй і дала маладым наказ, каб не цураліся працы, трымалі гаспадарку і заставаліся жыць на сваёй роднай зямлі.
Затым свята загудзела, зазіхацела яркімі краскамі. Адразу ўсе госці і запрошаныя трапілі на конкурс-выставу “Лепшая гаспадыня – 2019”. З кожнага сельскага Савета прыехала гаспадыня і ў творчай форме прэзентавала свае фірмовыя рацэпты зімовых кансервацый. Кожны ўдзельнік меў магчымасць паспрабаваць і аддаць свой голас за спадабаўшуюся гаспадыню. На працягу ўсяго свята працаваў інтарактыўны стэнд “Бабуліны рацэпты”, дзе былі размешчаны надрукаваныя рацэпты гаспадынь і кожны мог узяць іх сабе ў асабістую скарбонку.
На пляцоўцы каля сельскага Савета адбыўся раённы конкурс “Лепшы трактарыст АПК – 2019”. У конкурснай праграме прымалі ўдзел 7 маладых трактарыстаў, па аднаму прадстаўніку з кожнага КСУПа. Конкурс праходзіў у тры этапы: фігурнае кіраванне трактарам, барціраванне каляса і сілавыя практыкаванні з гарбузамі.
Затым на сцэне адбыўся раённы конкурс “Лепшая частушачніца – 2019”. Дзве гаспадыні з Беларусі і Расіі спрачаліся, якая частушка лепшая: беларуская ці руская. Удзельніцы конкурсу так заўзята спявалі, што дух спабрніцтва захапіў усіх прысутных.
На галоўнай сцэне свята гучалі песні, танцы. Традыцыйна завіталі гаспадыні Кацярына і Галіна, якія ізноў спрачаліся, бо Кацярына прыйшла на свята з засмажаным гусём. Хадора, не маючы ў гаспадарцы асабістых гусей праз свайго мужа (бо ён падлажыў гусыне яйкі дзікіх птушак, а яны вылупілісь і паляцелі ў вырай), прывяла прадаваць яго на кірмаш. На такога “чэмпіёна” адразу звярнулі ўвагу маладыя дзяўчаты, але Хадора ні за якія грошы не згадзілася аддаваць свайго мужа. А Маруся, мясцовая дзяўчына, прыйшла на свята, каб знайці сабе мужа і знайшла.
Для усіх прысутніх працавала палявая кухня, дзе можна было пачаставацца гарачай шурпой і кашай. Так сама працавалі тарговыя рады, на якіх мясцовыя майстры прадавалі свае вырабы, у тым ліку і з лагатыпам свята. Для дзяцей былі арганізаваны гульнёвыя пляцоўкі “Гулі ад бабулі і дзядулі”, “Пакармі карову”, атракцыён “Бочка шчасця”. Таксама адбыліся традыцыйныя “Гусіныя забегі”. Свята ўпрыгожвалі творчыя калектывы Муравільскага, Тупічынскага, Беладубраўскага сельскіх Дамоў культуры, Новасаматэвіцкі клуб вольнага часу.







Захарэнка Святлана, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна”