24 жніўня адбылося свята вёскі Дзернавая Краснапольскага раёна
Гасцямі свята сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў А. А. Гоман, начальнік аддзела адукацыі, спорта і турызму Краснапольскага райвыканкама Н. А. Сінкевіч, старшыня раённага Савета ветэранаў Н. М. Шарахоўская, а яшчэ – дзеці і ўнукі тых, хто застаўся жыць у вёсцы. Яны ж, жыхары вёскі Дзернавая, сталі аб’ектам увагі на свяце і галоўнымі яго героямі.
Вёска Дзернавая сёння налічвае 15 жыхароў, яна зусім маленькая. Але нават у маленькай вёскі можа быць вялікая гісторыя, са сваімі падзеямі, фактамі, асобамі. На працягу свята і адбывалася раскрыццё найбольш цікавых старонак з жыцця вёскі і яе людзей, якія жылі тут раней і жывуць сёння. «Шведскія курганы», захаваная аўтэнтычная народная культура вёскі, гістарычныя падзеі – першая руская рэвалюцыя, Вялікая Айчынная вайна, трудавыя пяцігодкі, у якіх нараджаліся свае героі – усе гэтыя падзеі і факты гістарычна-культурнай спадчыны, творча аздобленыя культработнікамі, паўсталі перад гасцямі на свяце.
Была аддана даніна павагі знакамітым землякам: Пятрусю Бядуліну, знакамітаму паэту; братам Барыскіным і іх маці Марфе Аўсяннікавай, якая адправіла на вайну шасцёра сыноў, чацвёра з якіх не вярнуліся з вайны і іншым землякам.
Нямала знайшлося цікавых асоб, якія і сёння вясковае жыццё робяць адметным і насычаным. Віншаванні з гэтай нагоды прымалі ветэран педагагічнай працы М. Д. Ляусаў; ветэраны-працаўнікі сельскагаспадарчай працы Барыскін В. Ф., Ляусава В. Т., Мельнікава В. П.; гаспадары лепшага падворка Высоцкія Людміла і Міхаіл; гаспадыня аграсядзібы С. Пугачова; самы маленькі жыхар М. Новікаў, самы старэйшы – В. Ф. Барыскін; сямейная пара з 50-гадовым юбілеем сумеснага жыцця Ляусавы Мікалай і Вера Трафімаўна і інш.
Пляцоўка, дзе адбывалася свята, была аформлена ў вясковым стыле. Яе ўпрыгожвалі саматканыя ручнікі; сялянскі воз з дарункамі зямлі і працавітых рук – гароднінай, збажыной; персанальная выстава творчасці Мельнікавай В. П. – заўзятай вышывальшчыцы. А мужыкі-рыбаловы, якіх прываблівае ў вёску вялікае возера, што побач з ёй, варылі на кастры духмяную юшку, паспрабаваць якую збяруцца потым усі ўдзельнікі і госці свята за гасцінным сталом, багатым сялянскімі прысмакамі.
Каб свята адбылося яркім, запамінальным, кранаючым душы і будзячым успаміны, для гэтага добра папрацавалі аўтар сцэнарыя і рэжысёр мерапрыемства В. А. Марчанка, творчыя калектывы РЦК ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна» – народны ансамбль народнай песні «Шчадрэц», народны вакальны ансамбль «Краснапольская субацея», салісты РЦК Г. Снытка, А. Трафімава, А. Дарафееў, К. Чалпанаў, А. Арлоўская, артыст Краснапольскага народнага тэатра М. Пугачоў, салістка народнага фальклорнага ансамбля «Горскія харашухі» В. Марчанка, вядучыя свята Г. Снытка і М. Пугачоў, аператар І. Зямцоў.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна»