27 лютага адбыўся старт абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя»
27 лютага 2017 года на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы прайшло адкрыццё абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя».
Ініцыятарам і арганізатарам фестывалю з’яўляецца ўстанова культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы».
Фестываль праводзіцца са студзеня па кастрычнік 2017 года, на працягу фестываля клубнымі ўстановамі вобласці будуць прадстаўляцца творчыя праграмы зімовага, веснавога, летняга і восеньскага цыклаў народнага каляндара.
Першыя зімовыя святы народнага календара прадставілі выканаўцы, творчыя калектывы, носьбіты і майстры народных мастацкіх рамёстваў Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага раёнаў.
У фае першага паверха Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра разбягаліся вочы ад разнастайнасці вырабаў з саломкі, гліны, бісеру, тэкстылю на тэматычнай выставе вырабаў народных мастацкіх рамёстваў «Зімовыя карункі майстэрства». Акрамя вырабаў майстрамі былі прадстаўлены цэлыя праекты з тэматыкай Каляд, Масленіцы, Раства і іншых.
Вялікую зацікаўленасць вызвалі у гасцей і гледачоў фестывалю аматарскія батлеечныя тэатры Быхаўскага, Бабруйскага і Горацкага раёнаў. Батлеечныя тэатры – гэта даволі рэдкая з’ява народнай творчасці, якая захавалася да нашага часу. Ад прадстаўленых тэматычных спектакляў веяла дабрынёй, чысцінёй і мудрасцю.
А на сцэне канцэртнай залы «Магілёў» адбылося тэатралізаванае прадстаўленне «Зімовыя святы Магілёўшчыны». Жыхары і госці Магілёва смаглі пазнаёміцца з фальклорным мастацтвам Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага раёнаў, паспяваць разам з фальклорнымі калектывамі, патанчыць аўтэнтычныя танцы і ўбачыць фрагменты абрадаў, якія традыцыйна праводзяцца ў раёнах. Бялыніцкі раён прадставіў фрагмент абрада «Каляды ў Цяхціне», Быхаўскі раён – фрагмент абрадаў «Зборная субота», «Куток халасцяка, або Калодка» і іншыя.
Бурныя апладысменты зала сарвала Багачова Валянціна Ісакаўна, якая з неверагодным гумарам і запалам расказала жыццёвыя байкі, а таксама фальклорны гурт «Дуброўскія бабулькі», які з цеплынёй выканаў душэўныя і пранізлівыя песні свайго краю.
Фальклорную песенную спадчыну сваіх рэгіёнаў прадставілі Сямёнава Ніна Канстанцінаўна і ўзорны ансамбль народнай песні «Кавалёўскія весялушкі» з Бабруйскага раёна, фальклорны гурт «Дуброўскія бабулькі» – Глускага раёна, народны аутэнтычны фальклорны ансамбль «Паршынскія зоры», прыпевачніца Барнулава Ала Станіславаўна, і народны фальклорны ансамбль «Таямніцы» – Горацкага раёна, гурт этнічнай музыкі «Быхаўскі павет» – Быхаўскага раёна і іншыя.
Яскрава і палымяна танцавалі лявоніху, кракавяк і карагоды фальклорны калектыў «Вячоркі», фальклорны ансамбль «Журавінка» і дзіцячы танцавальны гурток «Рытм» Бялыніцкага раёна, фальклорны гурт «Спадарушка» Бабруйскага раёна і іншыя.
Арганізатары і ўдзельнікі фестывалю ставілі сабе мэту не столькі паказаць старанную «аўтэнтычную» рэканструкцыю фальклору вобласці, сколькі распаліць цікавасць гледачоў да фальклора як да крыніцы патаемных сэнсаў і сакральных пачаткаў, якія былі значны для нашых продкаў і сталі б не менш значнымі для сучаснага чалавека.
Таццяна Смаршчок, метадыст УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР»