27 лютага стартуе абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя»
Арганізацыю і правядзенне фестывалю ажыццяўляе ўстанова культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы».
Фестываль праводзіцца ў мэтах вывучэння, аднаўлення і захавання мясцовых (лакальных) традыцыйных культур, фарміравання каштоўнасных арыенціраў беларускага грамадства ў накірунку асэнсавання значнасці традыцыйнага мастацтва ў сістэме сучаснай беларускай і сусветнай культуры; выхавання падрастаючага пакалення сродкамі народнай спадчыны, арганізацыі традыцыйных форм вольнага часу.
Падчас правядзення фестывалю адбудуцца народныя каляндарныя святы і шэраг тэматычных конкурсаў. Святы адбудуцца ў лютым, красавіку, ліпені і верасні на базе ўстановы культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы».
У фестывалі прымаюць удзел носьбіты і пераемнікі мастацкіх традыцый клубных устаноў і дзіцячых школ мастацтваў: аўтэнтычныя, фальклорныя калектывы, танцавальныя пары-выканаўцы, калектывы народных побытавых танцаў, народныя музыкі і калектывы, майстры традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рамесніцкіх вырабаў, дзіцячыя фальклорныя калектывы, апавядальнікі народнай прозы, індывідуальныя выканаўцы (салісты) твораў розных відаў традыцыйнага мастацтва і іншыя калектывы мастацкай творчасці, якія вывучаюць, пераймаюць і папулярызуюць аўтэнтычную мастацкую культуру свайго краю.
27 лютага 2017 года на базе УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы» адбудзецца старт фестывалю і першае зімовае свята, у якім прымуць удзел выканаўцы, калектывы і майстры Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага раёнаў.
У 17.00 у фае першага паверха Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра пачне работу тэматычная выстава вырабаў народных мастацкіх рамёстваў «Зімовыя карункі майстэрства», майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва правядуць майстар-классы па роспісу па шклу, саломапляценню, аплікацыі саломкай і інш. У фае таксама будуць прадэманстраваны спектаклі аматарскіх батлеечных тэатраў.
На пляцоўцы каля будынка Цэнтра гасцей будзе чакаць свята «Масленічныя забавы» – прэзентацыя традыцыйных страў, гульнёва-забаўляльных праграм, атракцыёнаў, элементаў абрадаў раёнаў-удзельнікаў свята.
У 18.00 у канцэртнай зале «Магілёў» адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне «Зімовыя святы Магілёўшчыны», у якім прымуць удзел фальклорныя калектывы, выканаўцы раёнаў-удзельнікаў.
Чакаем вас на свяце!