30 ліпеня ў аграгарадку Радамля Чавускага раёна на тэрыторыі Замкавай гары абылося восьмае этнічнае свята эпохі ранняга сярэднявечча “У госці да радзімічаў”, заснаванае на падзеях і стылістыцы IX-XI стагоддзяў
Прысутныя гледачы змаглі пабачыць тэатралізаванае дзеянне “Падарожжа ў сівую даўніну” з абрадамі і рытуаламі старажытнага племя радзімічаў – здабыча жывога агню, абрад-гульня "Турыцы" і г.д.
Штогод з задавальненнем у тэатралізаваных дзеяннях прымаюць удзел і клубы гістарычнай рэканструкцыі. У гэтым годзе да радзімічаў у госці завіталі рэканструктары з г.Мінска, Магілёва, Жодзіна, а таксама з Мар’інай Горкі. Усе жадаючыя змаглі пастраляць з лука ў сярэднявечным ціры.
Прысутныя таксама змаглі прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйных рамёствах, паспрабаваць традыцыйныя радзіміцкія стравы мясцовых кулінараў.
Сярод мясцовых сельскіх Саветаў арганізаваны конкурс “Радзіміцкія забавы”, дзе ўдзельнікі прэзентавалі свае падворкі з традыцыйныйнымі стравамі. Сярод апошніх былі і запечаныя перапелкі, і гарбузовая каша, разнастайныя мясныя прысмакі, прыгатаваныя ў духмяных травах, словам, як рыхтавалі ежу нашы продкі ў старажытнасці.
Мужчыны дэманстравалі сваю спрытнасць і ўменне кідаць дзіду, страляць з лука, лавіць рыбу і г.д.Увогуле, рабілі тое, што рабілі шмат стагоддзяў таму назад нашы продкі. А жанчыны прэзентавалі славянскія абярэгі. Сярод іх і “птушка шчасця”, і “дамавік”, і “драўляны істукан”, і “пяруніца”, і “радзіміч”, і “лялька-зернавушка”. А спадабалася журы звычайная “падкова”, на першы погляд простая, але ж на ёй былі некалькі абярэгаў, сімвалізуючых шчасце, дабрабыт, каханне, моцнае здароўе і г.д.
На свята былі запрошаны майстры і рамеснікі з Мсціслава, Дрыбіна, Слаўгарада, Магілёва, Оршы, Барысава.
Настрой святу прыдавалі выступленні народнага ансамбля пабытовага танца “Вытокі” (Дрыбінскі раён), народнага ансамбля народнай песні “Раніца” і народнага фальклорнага “Спадарыня” (Чавусы).
Закончылася свята рытуальным вогнішчам, якое запаліла ў вогненным танцы Анастасія Кірашова, выдатная танцорка, а таксама рамеснік з Барысаўскага раёна.
Алеся Далецкая Метадыст па традыцыйнай культуре РЦКіВЧ ДУК “ЦКС Чавускага раёна”
(фотаматэрыялы карэспандэнтаў раённай газеты “Іскра”, ІА “Магілёўскія ведамасці”)