450-годдзе вёскі Баркалабава
Удзельнікі тэатральнага калектыва “Крыніца” Быхаўскага раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі тэатралізаваную дзею “Баркалабаўскі летапіс”, з паказу якой і пачалося свята. У свяце прынялі ўдзел творчыя калектывы Чавускага, Кіраўскага раёнаў, народны калектыў народай песні “Прыпеўка” Магілёўскага раёна. Сваёй творчасцю радаваў жыхароў вёскі народны калектыў ”Дняпроўскія зоры” Цэнтра культуры і народнай творчасці. Выступалі самадзейныя артысты Баркалабаўскага культурна-спартыўнага Цэнтра.
Зараз Баркалабава – сучасны аграгарадок з прыгожымі дамамі, вясковай інфраструктурай, а вось што было раней, можна было дазнацца, прыняўшы ўдзел у віктарыне “Што мы ведаем пра родную вёску”. Вядучыя прапанавалі перагарнуць старонкі гісторыі і ўспомніць найбольш цікавыя падзеі з жыцця мястэчка, а дапамаглі ў гэтым жыхары вёскі-юбіляра, якія добра ведаюць гісторыю сваёй вёскі. Таксама нямала цікавых звестак можна знайсці ў кнізе “Баркалабава. Гісторыя далёкая і блізкая”, якую выпусцілі ў свет былыя настаўнікі Баркалабаўскай школы Ганна і Віктар Куляшовы - сапраўдныя энтузіясты, краязнаўцы і проста неабыякавыя людзі, якія частку свайго жыцця прысвяцілі вывучэнню гісторыі роднага края.
Вядома, што гісторыю любога месца пішуць людзі. Таму на свяце не абышлося без ушанавання лепшых працаўнікоў, якія падымалі калгас, якія прыехалі ў вёску маладымі спецыялістамі і засталіся, прыраслі сэрцам да жывапісных мясцін Баркалабава. Слаўная гісторыя краю, пачатая старэйшымі пакаленнямі, паспяхова працягваецца іх нашчадкамі.
На свяце адбылося ўшанаванне сямейнай пары Кацярыны і Мікалая Усавых, якія разам крочаць па жыцці 55 гадоў. Падарункі атрымалі мнагадзетныя сем’і. Віншаванне прагучала для самага маленькага жыхара вёскі, якому няма яшчэ і года. Музычны падарунак прагучаў і ў адрас дзяўчат і жанчын, якія носяць імя Вольга, бо менавіта 24 ліпеня - дзень святой княгіні Вольгі. Дарэчы, рэжысёра свята клічуць таксама Вольга. Вольга Уласава - мясцовая жыхарка вёскі Баркалабава, зараз яна працуе рэжысёрам раённага Цэнтра культуры.
Да свята ў вёсцы Баркалабава рыхтаваліся ўсе жыхары. Чаго тут толькі ні было - як на кірмашы! Нездарма ж раней у мястэчку ладзіліся шырокія кірмашы. Мясцовыя жыхары прапанавалі ўсім жадаючым пакаштаваць баркалабаўскія прысмакі, сваю прадукцыя прадставілі ААА ”Салодкая сядзіба”, ААА “Быхаўскі КОСЗ”, Райпо. Народныя майстры запрашалі на майстар-класы. Для дзяцей працавалі атракцыёны, была арагнізавана работа дзіцячай гульнёвай пляцоўкі “Лявоніха запрашае”, у арганізацыі якой прынялі ўдзел работнікі культуры Лудчыцкага сельскага клуба, Гарадзецкага і Вараніноўскага Дамоў культуры, раённага Цэнтра культуры. Таксама былі разгорнуты літаратурныя і фатаграфічныя выставы.
Ад усяго сэрца віншуем жыхароў Баркалабава са святам!
Святлана Саламевіч, загадчыца метадычнага аддзела Быхаўскага раённага Цэнтра культуры.