5 снежня ў Краснапольскім раёне для клубных работнікаў прайшоў метадычны салон “Вучыцца можна і ў малой справе, а тварыць і ў цесным вуглу”

Арганізавала метадычны салон метадыст 1-й катэгорыі РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” В. А. Марчанка. Для клубных работнікаў у сілу творчага характару іх працы, яе шматфункцыянальнасці, зменлівасці форм і зместу неабходна пастаяннае ўзбагачэнне новымі ідэямі, свежымі думкамі, перадавым вопытам. Адным з дзейсных механізмаў, здольных рашыць гэту задачу, з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі кадраў, іх прафесійнага росту, у тым ліку і праз метадчыную вучобу, арганізаваную ў сваёй сістэме.
Кожны этап работы ў салоне, як форме метадычнай вучобы, суправаджаўся пэўным эпіграфам. Эпіграфы былі прадстаўлены народнымі прымаўкамі, што выклікала цікаўнасць і скіроўвала ўвагу прысутных на галоўны сэнс разглядаемых пытанняў. Спачатку наведвальнікам салона прапаноўвалася “Адкрытая трыбуна”, дзе В. А. Марчанка трымала справаздачу аб рэалізаванай ёй сістэме метадычнай вучобы з кадрамі па напрамку традыцыйнай культуры. Адным словам, яна прадставіла свой вопыт работы з кадрамі за 2019 год, суправаджаючы яго слайд-прэзентацыяй. Сярод гэтых форм ёсць як традыцыйныя – семінары, метадычныя дні, майстар-класы, так і новыя – метадычна-творчыя гасцёўні, метадычныя салоны, краязнаўчыя чытанні, метадычныя конкурсы. Праз такія і іншыя формы ішла метадычная вучоба на працягу года, узбагачаючы веды і вопыт клубных работнікаў. На працягу года работа вялася па такіх напрамках, як развіццё ДПМ і рамёстваў, работа этнахатак на базе клубных устаноў, правядзенне экспедыцый, актуалізацыя і папулярызацыя традыцыйнай культуры. Метадыст акрэсліла, да якіх станоўчых вынікаў прывяла мэтанакіраваная і сістэмная работа з кадрамі і над чым яшчэ трэба працаваць.
“У нашай Пелагеі – усё новыя зацеі”, – такім быў эпіграф другой часткі, дзе метадыст Марчанка пазнаёміла сваіх калег з планам метадычнай вучобы на 2020 год.
Метадычны компас, як этап далейшай работы ў метадычным салоне, арыентаваў прысутных у метадычнай выставе выдавецкай прадукцыі – быў зроблены агляд выстаўкі, клубныя работнікі атрымалі буклеты “Фонд выдавецкай метадычнай літаратуры па традыцыйнай культуры”, “Метадычная работа па традыцыйнай культуры за 2019 год” і метадычныя лістоўкі.
Наступны этап вучобы прайшоў у форме “Бліц-вопыт” па тэме “Асаблівасці распрацоўкі сцэнарыя”. На аснове папярэдне рэалізаванага фальклорна-этнаграфічнага мерапрыемства былі разгледжаны патрабаванні да структуры сцэнарыя і методыкі яго распрацоўкі, бо дыягностыка мерапрыемстваў і аналіз сцэнарных матэрыялаў выявілі ў некаторых спецыялістаў пэўныя праблемы.
Гарманічна ўпісаўся ў змест метадычнага салона і творчы адпачынак, дзе ўсе прысутныя ўключыліся ў “бліц-апытанне” і мелі магчымасць выказацца. Атрымалася калектыўнае творчае прызнанне ў любові да Беларусі, традыцыйнай беларускай культуры і сваёй малой радзімы.
В. А. Марчанка, метадыст 1-й катэгорыі РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”