6 снежня ў рамках творчага праекта “Бялыніцкая тэатральная восень-2019” адбыліся паказы тэатральных пастановак
Штогод у ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна” праходзіць раённы агляд-конкурс тэатральна-драматычных калектываў сярод клубных устаноў. На працягу лістапада ў клубных установах прайшлі прэм’еры тэатральных пастановак, у якіх былі задзейнічаны навучэнцы школ, работнікі сельгаспрадпрыемстваў, настаўнікі, пенсіянеры.
У мінулую пятніцу ў рамках творчага праекта “Бялыніцкая тэатральная восень-2019” на сцэне раённага цэнтра культуры адбыліся паказы тэатральных пастановак. На дзіцячыя спектаклі завіталі вучні школ горада. Уважліва сачылі яны за прыгодамі герояў п’есы-казкі В. Ілюхава “Как-то в лесу дремучем” у пастаноўцы ўдзельнікаў тэатральнага гуртка Цяхцінскага сельскага Дома культуры, кіраўнік Людміла Манёнак. З ролямі гэтай п’есы-казкі бліскуча справіліся Анастасія Альшэўская і Павел Барашкоў, навучэнцы Цяхцінскай школы. Разам з героями п’есы-казкі В. Ткачова “Забыты дзень нараджэння” гледачы трапілі ў амаль бязвыхаднае становішча, але яшчэ раз пераканаліся ў тым, што дружба і ўзаемадапамога творыць сапраўдныя цуды, што дабрыня і працавітасць дапамагае ў любой справе. Ролі займальнай тэатральнай пастаноўкі на высокім узроўні выканалі ўдзельнікі гуртка аматараў прозы і паэзіі Машчаніцкага сельскага клуба, кіраўнік Клара Здрук, вучні Машчаніцкай школы Дыяна Камлева, Ірына Здрук, Ксенія Паўлючэнка і Дар’я Кандратава.
Для дарослай аўдыторыі былі паказаны спектаклі “Любви все возрасты покорны”, аўтар Э.Піжэнка і “Сюрпрыз, або новая казка Дамавіка”, аўтар А.Александрын у пастаноўцы ўдзельнікаў тэатральнага гуртка Вішоўскага СЦКВЧ, кіраўнік В.Паўловіч і удзельнікаў тэатральна-драматычнага гуртка Ланькаўскага СЦКВЧ, кіраўнік С.Камлёва.
Самадзейныя артысты, дарослыя і дзеці выдатна выканалі свае ролі. Парадавалі аматараў тэатра дакладнымі, неверагоднымі, нават казачнымі пераўвасабленнямі ў герояў п’ес. Няма сумненняў у тым, што “Бялыніцкая тэатральная восень-2019” падарыла аматарам тэатра шмат прыемных незабыўных эмоцый.
Людміла Куранкова, метадыст РЦК