9 сакавіка 2019 года весела і масава ў Касцюковічах зіму выпраўлялі і Масленіцу віталі!
Святкавалі Масленіцу традыцыйна на галоўнай плошчы горада. Галоўнымі героямі тэатралізаванай канцэртнай праграммы выступілі Вясна і Зіма, Белы і Зялены Скамарохі-зазывалы і ўсі Масленічныя дні: Зайгрышы, Лакамка, Разгуляй, Цешчыны вячоркі, Залоўкіны пасядзелкі, Даравальная нядзеля.
Упершыню за многа гадоў Зіма і Вясна вырашылі святкаваць Масленіцу разам. На сцэну завітвалі і беларускія цыгане, і лыжкары, каб дзяўчат завабіць, і зяць прыходзіў да цешчы, каб палакаміцца, і залоўку правяралі, ці рухавая, і, нават, кум-выпівоха Андрэй, які так сама прыйшоў на Масленіцу, каб знайсці сабе прывабную нявесту.
Самае галоўнае вяселае непаразуменне чакала ўсіх гледачоў на Даравальнай нядзеле, калі на сцэну завіталі Мар’я і Дар’я. Дар’я так захапілася з’яданнем бліноў, што з’ела самы галоўны блін-Зберагальнік і стала шырокай і тлуснай, як Масленіца. І каб нашы родныя Касцюковічы не засталіся без зачура, Масленіца ўсіх запрасіла на вялікі святочны карагод да вогнішча!
І старыя і малыя з задавальненнем назіралі за падзеямі, якія адбываліся на сцэне. Стваралі незабыўныя вобразы калектывы Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу, Муравільскага, Тупічынскага, Сялецкаўскага, Беладубраўскага сельскіх дамоў культуры і Пралетарскага клуба-бібліятэкі.
Святлана Захарэнка, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна