Абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі”: мастацтва на сцэне і ў сэрцы

Фінал абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” адбыўся ў Магілёве 20 сакавіка 2025 года. Агляд-конкурс, які ўжо стаў традыцыйным, не толькі прадэманстраваў багацце аматарскіх тэатральных калектываў, але і паспрыяў развіццю аматарскага тэатральнага руху ў вобласці.
Агляд-конкурс “У далонях маёй Беларусі” быў арганізаваны з мэтай захавання і развіцця тэатральных традыцый Магілёўскай вобласці; падтрымкі, развіцця і актывізацыі дзейнасці аматарскага тэатральнага мастацтва, выяўлення новых творчых калектываў і адораных выканаўцаў; папаўнення рэпертуару калектываў лепшымі творамі замежнай і нацыянальнай драматургіі; павышэння выканальніцкага ўзроўню акцёрскага майстэрства выканаўцаў і іншае.



Арганізатары – установа культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”, імкнуліся стварыць платформу для абмену вопытам паміж тэатральнымі калектывамі, выяўлення новых талентаў і садзейнічання культурнаму дыялогу.
Сёлета конкурс быў прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У нём прынялі ўдзел каля 50 разнажанравых аматарскіх тэатральных калектываў вобласці: драматычныя, музычныя, тэатры-студыі, тэатры мініяцюр, тэатральныя калектывы, якія працуюць у іншых відах і формах тэатральнага мастацтва. Калектывы выступілі на конкурсных праглядах, якія праходзілі ў гарадах Чэрыкаве, Бабруйску і Магілёве. Кожны калектыў падрыхтаваў унікальную праграму, заснаваную на творах беларускіх аўтараў, народных казках і сучасных п’есах. Тэматыка – ад ваеннай тэмы да дзіцячай казкі.



У фінале выступілі 8 аматарскіх тэатральных калектываў з Шклоўскага, Краснапольскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага, Асіповіцкага, Кіраўскага раёнаў і горада Магілёва. Яны прадставілі 9 пастановак.
Кульмінацыяй вечара стала ўзнагароджанне пераможцаў. Узнагароды тэатральным калектывам уручыў Хмялькоў Алег Фёдаравіч, дырэктар установы культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы», старшыня Рэспубліканскага Савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня журы.





Усе ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельніка, пераможцы конкурсу – дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступені, Гран-пры, а таксама спецыяльнымі дыпломамі.
Гран-пры атрымаў народны тэатр ДУК “Палац культуры вобласці” г. Магілёва, за драматычную ілюстрацыю па дакументальных і літаратурных матэрыялах А. Берггольц і Г. Макагоненка “Ленінградская сімфонія”, рэжысёр Кускава Ала Іванаўна.
Спецыяльнымі дыпломамі ў розных намінацыях былі ўзнагароджаны:
“Творчая індывідуальнасць і майстэрства” – Таліна Мацвеева, удзельніца тэатральнага гуртка “Люстэрка” Язерскага сельскага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”;
“Лепшая жаночая роля” – Ганна Маркава, ўдзельніца народнага тэатра ДУК “Палац культуры вобласці” г. Магілёва, рэжысёр Кускава Ала Іванаўна;
“Лепшая мужчынская роля” – Арцём Марчанка, удзельнік тэатральнага калектыву “Надзея” раённага Дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”, рэжысёр Астроўская Тамара Цімафееўна.


Агляд-конкурс “У далонях маёй Беларусі” стаў важнай падзеяй у культурным жыцці Магілёўшчыны. Ён не толькі садзейнічаў развіццю аматарскага тэатра, але і ўмацаваў сувязь паміж рознымі тэатральнымі калектывамі.



Правядзенне абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” стала яскравай падзеяй, якая пацвердзіла, што аматарскі тэатр у Беларусі жыве і развіваецца. Гэтае мерапрыемства не толькі дало магчымасць таленавітым артыстам праявіць сябе, але і стала важным крокам на шляху да ўмацавання культурнай ідэнтычнасці і адзінства беларускага народа. Наперадзе – новыя гарызонты, новыя ідэі і новыя перамогі!



Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”