Абрад «Бразгун» – традыцыя ўшаноўвання святой іконы Пятра і Паўла і цудатворнай крыніцы – адбыўся на Чэрыкаўшчыне 13 ліпеня 2018 года
Свята праводзіцца штогод, на другі дзень свята святых апосталаў Пятра і Паўла на жывапіснай паляне ляснога масіва, што знаходзіцца ў 2-3 кіламетрах ад вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Абрад “Бразгун” занесены ў Дзяржаўны спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і, ужо не адно дзесяцігоддзе з’яўляецца актуальнай культурнай падзеяй не толькі для жыхароў Чэрыкаўскага раёна, але і для суседніх раёнаў і абласнога цэнтра.
Адметнаць абраду заключаецца ў тым, што ў гэты дзень на цудоўнай маляўнічай лясной паляне збіраецца шмат паломнікаў і гасцей, якія прыедуць памаліцца перад іконай, прайсці пад ёй і пажадаць сабе і сваім блізкім здароўя, шчасця і дабрабыту, набраць вады з жыватворнай крыніцы, акунуцца ў купелі.
Калі прыязжае на абрад старонні чалавек, то разважае, чаму людзі вось ужо не адзін дзесятак гадой прыходзяць сюды, у аддаленую ад людзей мясціну? За чым? Але назіраючы за абрадам і людзьмі, разумееш – за верай, надзеяй, падтрымкай, якая так неабходна кожнаму чалавеку. А яшчэ каб папрасіць у Бога і прыроды абароны і абярэгу.

Сюды, у глыбіну леса, заступніцу вёскі Наркі ікону Пятра і Паўла нясуць жыхары вёскі, дзе абраз захоўваецца, перамяшчаючыся з хаты ў хату. Нясуць аж тры кіламетры на руках! Аддавая павагу сваёй заступніцы. Сюды насілі яе прадзеды, дзяды, бацькі. Дзякуй Богу ёсць яшчэ каму несці яе і сёння!
Традыцыя не мяняецца дзесяцігоддзямі. Абрад пачаўся з асвяшчэння крыніцы, пасля чаго, людзі сталі акунацца ў купелі, якая зроблена на крыніцы, набіраць крынічнай вады. Па традыцыі ўдзельнікі абраду трыжды праходзілі пад іконай, просячы Божай міласці і здзяйснення нематэрыяльных жаданняў.
Прыходзілі людзі на абрад загадзя, таму для іх былі арганізаваны шэраг культурных мерапрыемстваў. Адбыліся царкоўныя і духоўныя песнапенні. У пяты раз прайшоў конкурс фальклорнай і народнай песні “Са стагоддзя ў стагоддзе”, у якім прынялі ўдзел выканаўцы з Чэрыкаўскага, Бялыніцкага, Крычаўскага, Хоцімскага, Чавускага, Слаўгарадскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Для гледачоў было вельмі прыемна акунуцца ў атмасферу выканання аўтэнтычных песень, якія нажаль сёння знаходзяць сваё прызначэнне менавіта вось на такіх мерапрыемствах.
Не гледзячы на тое, што конкурс праводзіўся ў рамках абраду, у ім былі вызначаны пераможцы ў двух намінацыях “Фальклорныя ансамблі” і “Ансамблі народнай песні”. У першай намінацыі пераможцам стаў народны фальклорны ансамбль “Адраджэнне” раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна”, у другой – народны ансамбль народнай песні “Ровесники” аўтаклуба ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”.
Акрамя таго, былі арганізаваны работа выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выяздная выстава з фондаў гісторыка-краязнаўчага музея “Магія беларускіх ручнікоў”, выстава літаратуры “Свет праваслаўнай кнігі”.
У завяршэнні адбыўся канцэрт “Не зарасце сцяжынка да крыніцы”, у якім прынялі ўдзел калектывы і салісты Чэрыкаўскага раённага Дома культуры.

Арганізацыйную падтрымку абрада здзяйснялі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрыкаўскага райвыканкама, а таксама спецыялісты Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Чэрыкаўскага раёна.
Людзі вераць, што пакуль б’е крыніца, не згасне і вера людская ў лепшае, у заспупніцтва прыроды і Бога.
Валчкова В.І., начальнік аддзела УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР