Абрад Дзесятуха і адпачынак у стылі “этна” у Краснапольскім раёне
Абрад Дзесятуха ладзіцца тут з даўніх часоў у 10-ю пятніцу пасля Пасхі. Жыхароў аграгарадка Горы, якія з’яўляюцца асноўнымі носьбітамі абраду, становіцца ўсё менш – населеныя пункты старэюць. Таму намаганні ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, яе метадычнага аддзела і ўдзельнікаў сацыяльна-культурнага праекта “Забытае ўваскрашаецца” былі накіраваны на падтрымку такой унікальнай з’явы народнай культуры як абрад Дзесятуха і на арганізацыю адпачынку наведвальнікаў маляўнічага кутка Краснапольшчыны – заказніка “Ясеневы гай”.
Ключавымі момантамі дзеі сталі паломніцтва да Святой крыніцы і асвячэнне вады крыніцы іерэем Кірылам Свята-Успенскай царквы, што ў г. п. Краснаполле.
Наведвальнікі свята праз экскурс-паведамленне ў мінулае, праведзенае ўдзельнікамі праекта, змаглі задаволіць сваю цікаўнасць пра карані абрада Дзесятуха, пра сакральнасць месца, пра абрадавыя дзеянні, звязаныя з Дзесятухай.
Адной з асаблівасцей Дзесятухі было і збіранне зёлак, ягад, бо, казалі, што на гэты час паспела ўжо кожная дзесятая ягада. Знайшлася і знаўца песень гэтай пары - Яцутка Н. Ф. Яе аўтэнтычныя спевы нібы адгарнулі стагоддзі, перанеслі прысутных, якіх у гэтым годзе сабралася тут нямала, у далёкую эпоху нашых продкаў, жыццё якіх было знітавана з прыродай. Фальклорныя спевы творчых калектываў СДК і найгрышы на гармоніку раскрывалі прыгажосць духоўнай спадчыны роднай зямлі, стваралі адпаведны настрой і ўзбагачалі адпачынак.
У праграме святочнага адпачынку знайшлося месца і шматлікім выстаўкам. Этнаграфічная выстаўка “Бацькоў багацце – у спадчыну нашчадкам” прываблівала багаццем рэгіянальных ручнікоў, сабраных у вёсках раёна ў ходзе праекта “Забытае ўваскрашаецца”. На ўзорах ручнікоў – сімвалы язычніцкіх часоў, якія маюць магічную сілу. Асаблівай ўвагі заслужыў ручнік з ахоўнымі сімваламі ад маланкі, пад якім змаглі прайсці ўсе прысутныя. Па словах старажылаў, на Дзесятуху маліліся, каб засцерагчыся менавіта ад грому, маланкі, пажараў. Для гэтага плялі і вяночкі з жоўтых кветак, свяцілі іх, неслі дадому.
Абрады, ігрышчы, сімвалы – гэта абярэгі, якімі чалавек напаўняў сваё жыццё. Да культавых сімвалаў адносіліся дрэвы, жывёлы, пазней – чуры, лялькі, ручнікі, абразы. Лялькі як знак традыцыйнай культуры таксама былі прадстаўлены на свяце – каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя, абярэгавыя, ігравыя і сувенірныя.
А пад назвай “Майстэрства народа не згасне” раённы Дом рамёстваў прапанаваў выстаўку-продаж сувенірнай прадукцыі. Яшчэ адна выстаўка-продаж давала магчымасць самарэалізавацца майстрам і гаспадарам акаляючых вёсак, якія прапанавалі сельскую прадукцыю са сваіх гаспадарак. Прадукцыя ўсіх выстаў паслужыла асновай для задавальнення патрэб, кірмашовага продажу і забаў.
Наведвальнікі і ўдзельнікі свята яшчэ раз змаглі ўпэўніцца, што вера, прыгажосць і дабро – паняцці неўміручыя, яны належаць мінуламу, сучаснаму і будучаму.
Марчанка В. А., метадыст раённага Цэнтра культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна