Абрад заклікання дажджу ў Старым Дзедзіне
Засуха – прыродная з’ява, якая акружана мноствам міфічных уяўленняў. Прычынай узнікнення засухі магло быць вядзьмарскае насланнё, а таксама выкананне людзьмі забароненых у пэўныя каляндарныя тэрміны дзеянняў. Справакаваць засуху, па народных павер’ях, можа ўстаноўка платоў і агароджаў да свята Дабравешчання, пастаўлены не ў свой час помнік на магіле, пахаваны тапелец, якому “ўсё мала вады”, або самагубца, якога, супраць правілаў, пахавалі на тэрыторыі могілак, а не за агароджаю. Каб не выклікаць засуху, нельга было нікому і нічога пазычаць у час пачатку ворыва, ускопвання градаў, засевак. Каб улетку не было засухі, трэба было адзначаць дзень прарока Іллі і аблівацца ў Сухі (Траецкі) чацвер вадою.
Але калі ўжо так сталася, што над краем усталявалася спёка без кроплі дажджу, трэба было тэрмінова выпраўляць сітуацыю, каб не даць загінуць ураджаю. У розных рэгіёнах краіны вядомыя шматлікія народныя “спосабы” спынення засухі.
На Магілёўшчыне для таго, каб ліквідаваць прычыну засухі, людзі разбуралі платы, здымалі вароты і заносілі ў балота ці ў возера, сыпалі ў калодзеж мак або каноплі, кідалі туды расаду або гліняны гаршчок, часам – новы, часам – узяты без дазволу. Дзе-нідзе жанчыны выраблялі абыдзённік і вешалі яго на прыдарожны крыж.
Цікавы старадаўні абрад заклікання дажджу захаваўся ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна. Жыхаркі вёскі пагадзіліся прадэманстраваць яго нам.
Вёска знаходзіцца на мяжы з Расіяй – дзве гадзіны шпаркай язды ад абласнога цэнтра. Калі мы дабраліся да Старога Дзедзіна, удзельніцы абраду ўжо чакалі нас. Па правілах, жанчыны падчас правядзення абраду павінны быць абсалютна распранутыя, аднак у мэтах “цэнзуры” і для надання эстэтычнасці ўсёй працэдуры (усё-ткі аб’ектывы відэакамер і фотаапаратаў – рэч бязлітасная), удзельніцы рытуалу апрануліся ў кашулі і павязалі на галовы наміткі.
Галіна Васільеўна Брыкава нарадзілася ў Старым Дзедзіне і бачыла абрад з дзяцінства.
– Падчас спякотнага лета жанчыны, калі ішлі з працы, дамаўляліся пераараць раку Асцёр, - распавядае Галіна Васільеўна. – “Бабы, трэба сёння пераараць раку, – казала якая-небудзь з жанчын, – бо даўно дажджу не было!” Хадзілі толькі ў абедзенны перапынак. Бралі плуг або саху. Імкнуліся, каб ніхто аб гэтай задуме не даведаўся, бо араць жа трэба было голымі! Таму размаўлялі шэптам, каб ніхто не пачуў. А мы, дзеці, такія цікаўныя былі, нам жа было трэба падгледзець! І мужыкі – таксама цікаўныя, смяюцца – бабы пайшлі голымі на рэчку! Калі жанчыны заходзілі ў ваду, то абавязкова “Ойча наш” чыталі, хрысціліся, а потым к небу пасягалі дзвюма рукамі, прасілі Бога, каб дапамог паліць зямлю, каб жыццё працягвалася. “Дай Госпадзі, дапамажы Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб благадатна ўрадзіла, і ўсіх напаіла…”. Пасля здымалі з сябе ўсё адзенне, заходзілі ў ваду і цягнулі па дну плуг – “аралі ваду”. Прычым, дзве жанчыны цягнулі плуг, адна ішла за плугам, яшчэ адна паганяла пугай або галінкай, астатнія стаялі на беразе і спявалі. Аралі толькі адзін раз. На-пры канцы таксама маліліся. Дождж ішоў праз гадзіну. Людзі раней верылі ў Бога, асабліва старыя. Вось Бог іх і слухаў. Удзельнічалі ў абрадзе і старыя жанчыны, і маладзіцы, і ўдовы – хто змовіўся і ў каго быў час. Упрагаліся ў плуг звычайна пажылыя, а моладзь “паганяла”. У кніжках гэта не чыталася, вялося спакон вякоў, нашымі дзядамі, бабулямі, матулямі. А мы малыя ўсё гэта бачылі. І зараз просяць выклікаць дождж, і тыя, хто верыць, і тыя, хто не. Асабліва старэйшае пакаленне”...
Таццяна Лявонаўна Скоцкая – таксама мясцовая жыхарка і памятае абрад з малых гадоў.
- Для таго, каб “араць раку”, трэба, каб дождж не йшоў месяц. Як паараем, дождж мог пайсці і не адразу. Часам трэба было пачакаць дзянёк-другі. А вось у мінулым годзе перааралі ваду – дык дождж на месяц заліў! Мужыкі нават прасілі заараць раку назад. А ёсць жа і такія словы, каб дождж спыніўся. “Дожджык, дожджык, перастань, я паеду на Ірдань, Божку паліцца, хрэсцікам хрысціцца, ключыкам-замочкам, шоўкавым платочкам”. А пасля ж па лужынах бегалі, абліваліся вадой”.
Жанчыны падыходзяць да ракі, спускаюцца да вады. Разам чытаюць малітву “Ойча наш”. За гэтым адна з удзельніц просіць у неба, каб тое паслала хмары і дажджы. Далей пачынаецца самая галоўная частка абраду.
Дзве ўдзельніцы застаюцца на беразе – яны спяваюць. Астатнія жанчыны ўваходзяць у раку і пачынаюць пераворваць плугам яе дно, рухаючыся да супрацьлеглага берага. Адна з іх сцёбае паверхню вады пугай, намагаючыся выбіць з ракі як мага больш пырскаў.
І вось тут адбываецца амаль неверагоднае. Жанчыны з плугам яшчэ нават не даходзяць да другога берага, як узнімаецца халодны і вельмі моцны вецер і на даляглядзе, які з ранку быў абсалютна чыстым, паказваюцца хмары. На вялікай хуткасці хмары бягуць да Старога Дзедзіна і закрываюць сонца. Праз гадзіну – столькі доўжыліся здымкі – на зямлю падае некалькі кропель дажджу.
– Каб былі зусім без адзення, моцны дождж адразу б пайшоў! – кажа Галіна Васільеўна. – Так заўсёды бывае.
– Вы з’едзеце – дождж пойдзе ўвечары, – дадае Таццяна Лявонаўна.
Алена Васільеўна Цішкевіч, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, зазначае:
– Зберажэнне і папулярызацыя традыцыйных народных абрадаў, такіх як “Закліканне дажджу”, будзе і надалей садзейнічаць развіццю турызма, падрымцы мясцовых суполак па захаванні ўнікальных народных святаў. Падрастаючае пакаленне і моладзь не толькі Клімавіцкага раёна, але і ўсёй вобласці павінна ведаць свае карані і традыцыі не па падручніках і буклетах, а бачыць гэта ў жывым асяроддзі прымаць актыўны ўдзел у іх захаванні і працягу”.
Можна ставіцца да такой народнай магіі з пэўным скептыцызмам, але ад сябе хачу дадаць, што мы прывезлі дождж са Старога Дзедзіна нават у Магілёў. Хмары “гналіся” за намі ўсю дарогу, а дождж прайшоў якраз над тымі раёнамі горада, дзе жывуць удзельнікі паездкі. Наступным днём мы патэлефанавалі ў Стары Дзедзін, і нам пацвердзілі: увечары над вёскай таксама праліўся моцны дождж.
Алёна Беланожка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы