Абрадавая праграма “Піліпаўскія запусты” адбылася 27 лістапада ў Чавускім раёне
Абрадавая праграма “Піліпаўскія запусты” адбылася ў Дужаўскім сельскім Доме народнай творчасці з удзелам народнага ансамбля народнай песні “Вяскоўцы” і ўдзельнікамі дзіцячага клуба выхаднога дня “Верасок”.
У народным календары Піліпаўка – гэта час, напоўнены бесперапыннай працай. Мужчыны ў вёсках і мястэчках займаліся лозапляценнем, бондарствам, вырабамі з дрэва, ганчарствам. Жанчыны апрацоўвалі лён, пралі, ткалі палотно, шылі адзенне, вышывалі вопратку і ручнікі, посцілкі, плялі карункі. Для гэтага збіраліся на піліпаўскія вячоркі ў чыёйсьці хаце, прыносячы туды свае прасніцы, верацёны ды кудзеліцу, дапамагаючы адзін аднаму талакою.
Так і ў гэты час у Дужаўцы раней выбіралі асобную хату. Жанчынкі прыходзілі да гаспадароў са сваімі дзяцьмі і ўнукамі і зачынялі “хэйдар”. Таксама прыходзілі і хлопцы, глядзелі, якая пража ў дзяўчат. А пасля працы адпачывалі з песнямі і танцамі. Многія хлопцы на “хэйдары” выбіралі сабе нявесту. Пары, якія ў гэтым вечары спадабаліся адзін аднаму, пасля пасту гулялі вяселле.
Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна”